2012-07-12 16:04:09

Палітыкі сустрэліся з рэлігійнымі лідэрамі Еўропы


RealAudioMP3 12 ліпеня ў сядзібе Еўрапейскай камісіі ў Бруселі прайшла штогадовая сустрэча паміж кіраўнікамі структур Еўрасаюза і рэлігійнымі лідэрамі Старога Кантынента. У форуме на тэму “Салідарнасць паміж пакаленнямі: асновы для будучага грамадства Еўропы” прымалі ўдзел прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, ісламу, юдаізму і індуізму. Дэлегацыю Каталіцкага Касцёла ўзначальваў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Бельгіі арцыбіскуп Андрэ Жозэф Леанар. Ён звярнуў увагу на тое, што перад абліччам эканамічнага крызісу важна ўмацаваць сям’ю. Гэта, на погляд іерарха, з’яўляецца адзінай магчымасцю, каб пераадоліць існуючыя ў Еўропе цяжкасці. Арцыбіскуп Леанар падкрэсліў, што ўмацаванне сям’і патрабуе “адважных крокаў у сферы фіскальнай палітыкі, фінансавай падтрымкі сем’яў, у якіх нараджаецца трэцяе і чацвёртае дзіця, а таксама рашэнняў у сацыяльнай сферы, якія будуць спрыяць раўнавазе паміж працай і сямейным жыццём”.

Віцэ-старшыня Камісіі Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці, біскуп Джавані Амброзіа, таксама прысутны на форуме, звярнуў увагу на неабходнасць з боку палітыкаў і грамадскіх арганізацыі прыкладаць намаганні для захавання нядзелі, як дня вольнага ад працы. Гэта, паводле іерарха, з’яўляецца важным “для сям’і і духоўнага жыцця яе членаў”.

У сваю чаргу іспанскі іерарх, біскуп Алмерыі Адольфа Ганзалес Монтэс, выразіў занепакоенасць вялікім узроўнем беспрацоўя сярод іспанскай моладзі. Яго лічба дасягнула 50%. Ён заклікаў прадстаўнікоў структур Еўрасаюза як мага хутчэй вырашыць гэту праблему.








All the contents on this site are copyrighted ©.