2012-07-11 11:34:06

Ватыканскі кардынал аб “празмернай” канцэлебрацыі св. Імшы


RealAudioMP3 Кардынал Рэйманд Лео Бёрк, Прэфект Вярхоўнага Трыбуналу Апостальскай сігнатуры, лічыць, што “празмерная” канцэлебрацыя Эўхарыстыі – калі св. Імша адпраўляецца групай святароў – можа прывесці да змяншэння ўнікальнасці ролі апошніх у літургіі. “Калі гэта паўтараецца занадта часта, у святары можа развіцца адчуванне, што ён толькі адзін з удзельнікаў Эўхарыстыі, хоць на самой справе – ён святар, які складае ахвяру св. Імшы”, - патлумачыў кардынал 9 ліпеня на канферэнцыі ў ірландскім горадзе Корк.

Кіраўнік вышэйшай судовай інстанцыі Святога Пасаду лічыць, што канцэлебрацыя характэрна для ўрачыстай літургіі з удзелам біскупа або яго прадстаўніка. Калі гэта адбываецца ў супольнасці саміх святароў – гэта спрэчнае з лацінскай літургічнай традыцыяй, заявіў ён.

Кардынал Бёрк звярнуў таксама ўвагу на так званую “імправізацыю” падчас св. Імшы, калі святар дадае свае ўласныя словы ва ўстаноўленыя і зацверджаныя літургічныя тэксты. Такім чынам, апошні, на думку іерарха, робіць “галоўным героем літургіі не Хрыста”, а сябе, хоць, насамрэч, ён толькі “слуга абраду”. “Гэта абсалютна няправільнае мысленне, калі святар думае з пункту гледжання: “як я магу зрабіць усё больш цікавым?” ці “як я магу зрабіць гэта лепш?”, - лічыць кардынал Бёрк. Ён нагадаў, што гэта забараняе Кодэкс кананічнага права. “Думаць, што я магу палепшыць літургію, якая перадавалася ў Касцёле на працягу стагоддзяў – гэта абсурд”, - заявіў кардынал Бёрк.







All the contents on this site are copyrighted ©.