2012-07-10 11:27:08

Памёр бразільскі кардынал Эудженіў Араужу Салеш


RealAudioMP3 10 ліпеня ноччу памёр кардынал Эудженіў Араужу Салеш, арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра на пенсіі. Яму быў 91 год. Са смерцю бразільскага кардынала засталося толькі два пурпураты, бірэт якім уручыў папа Павел VI – кардынал Паўла Эварыста Арнс з Бразіліі і Уільям Уэйкфілд Баум са Злучаных Штатаў. Цяпер дзевяць бразільцаў уваходзіць у Калегію кардыналаў, якая налічвае сёння 208 пурпуратаў, з якіх 121 з’яўляецца выбаршчыкам. Эудженіў Араужу Салеша прызначыў дапаможным біскупам архідыяцэзіі Наталь яшчэ папа Пій XII у 1954 г. У 1962 г. іерарх стаў Апостальскім адміністратарам той жа архідыяцэзіі. Падчас свайго кіравання, ён пачаў шэраг ініцыятыў, якія затым распаўсюдзіліся па ўсім паўночным усходзе Бразіліі. Тут можна ўзгадаць службу сацыяльнай дапамогі для сялян, для якіх ён таксама стварыў цэнтры базавай адукацыі, арганізаваў навучанне па радыё для моладзі, якая не мела магчымасці хадзіць у школу. Падчас ІІ Ватыканскага Сабору ён быў членам Камісіі апостальства свецкіх і аб’яднанай камісіі па распрацоўцы дакумента “Gaudium et spes”. На працягу 30 гадоў, з 1971 г. па 2001 г., быў арцыбіскупам Рыа-дэ-Жанейра.







All the contents on this site are copyrighted ©.