2012-07-09 13:35:26

Бэнэдыкт XVI наведаў дом айцоў-вербістаў у Нэмі


RealAudioMP3 9 ліпеня Бэнэдыкт XVI наведаў цэнтр айцоў-вербістаў “Ad Gentes” у Нэмі, каля Рыма. У гэтым доме, які раней называўся “Міжнародным цэнтрам супольнасці Божага Слова”, 29 сакавіка-3 красавіка 1965 г. праходзілі працы “Саборнай камісіі па місійных справах”. Будучы Папа прымаў у іх удзел у якасці аднаго з саборавых экспертаў. Менавіта тут, пры яго удзеле, быў распрацаваны дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабора аб місійнай дзейнасці Касцёла “Ad Gentes”. Па прыбыцці Пантыфік быў прыняты Генеральным настаяцелем кангрэгацыі вербістаў а. Ханцам Кулуке і некаторымі іншымі прадстаўнікамі супольнасці. У капліцы цэнтра, Папу чакалі каля 150 удзельнікаў Генеральнай капітулы і прадстаўнікоў курыі кангрэгацыі. Пасля адарацыі Найсвяцейшага сакрамэнта, Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных з кароткай прамовай. Ён адзначыў што рады вярнуцца ў гэты дом пасля 47 гадоў. “Я заўсёды меў цудоўныя успаміны аб гэтым месцы, напэўна самыя добрыя з усяго Сабору”, - сказаў Папа. Святы Айцец узгадаў, што ў той час быў асабліва ўражаны мясцовай прыродай і цішынёй, якая вельмі адчувалася пасля прыбывання ў шумным Рыме. Бэнэдыкт XVI нагадаў, аб выдатных тэолагах і місіянерах з якімі пазнаёміўся падчас прыбывання ў Нэмі. “Для мяне гэта быў час вялікага духоўнага абагацення”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што ў дакуменеце “Ad Gentes”, яму найбольш падабалася узгадка аб трынітарнай эклезіялогіі і перш за ўсё класічная ідэя аб тым, што усялякае дабро павінна перадавацца. “Дабро не можа заставацца ў самім сабе, але павінна камунікавацца. Гэта праяўляецца ў трынітарнай таямніцы, унутры Бога, і распаўсюджваецца на гісторыю збаўлення і нашу патрэбу даваць іншым дабро, якое атрымалі”, - сказаў Папа.

Пасля прамовы Святы Айцец наведаў памяшканні цэнтра і вярнуўся ў Кастэль Гандольфа.








All the contents on this site are copyrighted ©.