2012-07-07 12:57:57

Маці Божая Будслаўская збірае сваіх дзяцей


RealAudioMP3 У Будславе завяршылася святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай – аднаго з самых доўгачаканых і любімых святаў католікаў Беларусі. У фэсце, які па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў перанесены на першую суботу месяца, якая прыпала на 7 ліпеня, прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Яшчэ вечарам 6 ліпеня да святыні пачалі прыбываць тысячы пілігрымаў з розных куткоў нашай краіны, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Маці Божай і даверыць Найсвяцейшай Панне свае радасці і патрэбы. Сёлета ў Будслаў пешшу прыйшлі каля 2,5 тыс. пілігрымаў. Акрамя таго, прыбылі пілігрымы з Расіі і велапілігрымы з Мінска і Барысава. У будслаўскіх ўрачыстасцях прынялі ўдзел, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, госць з Расіі – біскуп дыяцэзіі св. Клімента ў Саратаве Кліменс Пікель, і канешне беларускія іерархі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.

“Гэты год – гэта апошні год прыгатаванняў да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза ў Будслаў. Тэма сёлетняй урачыстасці “Марыя – Маці Збаўцы”. Адметнай часткай гэтага фэсту будзе тое, што з Чэхіі прыбыла вельмі вядомая ва ўсім свеце фігура Езуса, як дар для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У якім касцёле гэта фігура будзе захоўвацца мы яшчэ не ведаем – трэба вырашыць, падрыхтаваць адпаведны алтар, але менавіта на гэтым фэсце гэта фігура перадаецца”, - расказаў нашаму радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

7 ліпеня, кульмінацыйным момантам урачыстасці, стала св. Імша падчас якой, пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас перадаў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу копію цудоўнай фігуры Дзіцятка Езус Пражскага. Падчас літургіі вернікі маліліся за асобаў, якія сёлета адзначаюць 25- ці 50-гадовы юбілей – святарства, законнага жыцця, або сужэнства. Юбіляры атрымалі спецыяльнае благаслаўленне. Пасля набажэнстваў, калі настаў час вяртацца ў родныя гарады і мястэчкі, вялікая колькасць вернікаў заставалася каля святыні. Гэта сведчыць, што сэрцы беларусаў жадаюць заўсёды быць побач са сваёй Маці і апякункай.








All the contents on this site are copyrighted ©.