2012-07-07 14:31:45

Айцы-вербісты ў Нэмі чакаюць візіта Пантыфіка


RealAudioMP3 Візіт Бэнэдыкта XVI у дом у Нэмі, у якім будучы Пантыфік спыняўся падчас удзелу ў ІІ Ватыканскім Саборы, будзе вельмі сціплым і простым. Аб гэтым у інтэрв’ю нашаму радыё расказаў кс. Джанкарла Джырардзі, генеральны пракуратар Кангрэгацыі Божага Слова, вядомай таксама, як кангрэгацыя айцоў-вербістаў. Святар расказаў, што Святы Айцец ужо не зможа пабачыць тых самых пакояў, у якіх ён, сярод іншых экспертаў Сабора ў 1965 г. працаваў над праектам дэкрэта аб місійнай дзейнасці Касцёла “Ad Gentes”, бо памяшканні былі зменены падчас рамонтаў. Кс. Джырардзі адзначыў, што падчас візіту ў Нэмі Папа сустрэнецца толькі з членамі кангрэгацыі, бо візіт будзе адбывацца прыватна.

“Будзе момант малітвы разам са Святым Айцом, а затым наш Генеральны настаяцель а. Антоніа Перна, звернецца з прывітальным словам. Тады Папа таксама скажа да нас некалькі слоў, благаславіць наш цэнтр, прывітае кожнага з нас і вернецца ў Кастэль Гандольфа, каб працягваць свае канікулы. Візіт просты, але вельмі важны для нас”, - расказаў законнік.

Айцец Джырардзі расказаў, што візіт Папы супадае з пасяджэннем генеральнай капітулы кангрэгацыі і таму Пантыфіка можа здзівіць прысутнасць такой вялікай колькасці законнікаў з розных краін свету. “Я думаю, гэта будзе самае прыгожае, што ён унясе ў сэрцы: паўсюднасць Касцёла, тое, што ён робіць на узроўні Рымскай курыі: прызначае ў розныя дыкастэрыі, прадстаўнікоў не толькі адной краіны, але ўсіх народаў, у якіх прысутны Каталіцкі Касцёл”, - сказаў святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.