2012-07-06 13:47:19

Кусташ Святой Зямлі: візіт Папы у Ліван умацуе ролю хрысціян


RealAudioMP3 Кусташ Святой Зямлі, айцец Пьербаціста Піцабала лічыць, што візіт Бэнэдыкта ХVI у Ліван у верасні гэтага года, умацуе ролю хрысціян у гэтай краіне і паспрыяе міру ў рэгіёне. Францішканін заявіў, што візіту Папы чакае ўвесь Блізкі Усход. Мы ўжо атрымалі шмат заяў ад жадаючых паўдзельнічаць у сустрэчы з Папам, паінфармаваў ён. “Мы ведаем, што з-за палітычнай сітуацыі не лёгка будзе атрымаць візу”, - сказаў айцец Піцабала. Ён адзначыў, што сустрэча Святога Айца з кіраўнікамі мусульман мае вялікае значэнне для дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі на Блізкім Усходзе.

“Вядома, што адной з важных тэм Сінода для Блізкага Усходу былі менавіта адносіны з ісламам. Касцёлам на Блізкім Усходзе ёсць што сказаць з гэтай нагоды. Іх будучыня залежыць таксама ад здольнасці мець ясныя і мірныя адносіны з блізкаўсходнім ісламам, які перажывае вялікія змены і пераўтварэнні. Таму, гэта будзе адна з найважнейшых сустрэч Папы, які дасць нам таксама самыя актуальныя ўказанні на будучыню”, - сказаў законнік.

Айцец Піцабала адзначыў, што візіт Святога Айца ўмацуе прысутнасць хрысціян на Блізкім Усходзе. “Арабская вясна”, ці тое, што ад яе засталося, цалкам змяніла іх структуры, адносіны і дынаміку дзейнасці”, - сказаў Кусташ Святой Зямлі і дадаў, што Сінод па Блізкім Усходзе, у пэўным сэнсе прадбачыў гэта і вызначыў іх у сваім дакуменце. Цяпер вельмі важна перайсці да этапу будаўніцтва: Блізкі Усход змяняецца, змяняецца таксама іслам, які з’яўляецца асноўным веравызнаннем на Блізкім Усходзе, таксама і хрысціяне змяняюцца і хочуць быць галоўнымі героямі гэтых зменаў, лічыць законнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.