2012-07-06 14:13:29

Кардынал: ЕС трэба разглядаць як “хрысціянскі праект”


RealAudioMP3 З улікам цяперашняга крызісу, на думку арцыбіскупа Мюнхенскага кардынала Рэйнхарда Маркса, Еўрапейскі Саюз трэба разглядаць “як хрысціянскі праект”. Кантынент мае на сабе адбітак менавіта хрысціянскага ўяўлення аб чалавеку, заявіў іерарх, які з’яўляецца старшынёй Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). На яго думку, хрысціянскае ўяўленне аб дэмакратыі і чалавечай годнасці прапануе “сацыяльную форму эканомікі, якая служыць народу, а не капіталу”; менавіта яе зараз трэба рашуча абараняць. “Без хрысціянства Еўропа не можа працягваць захоўваць сваю ідэнтычнасць і знаходзіць новае. Менавіта таму Еўропа застаецца заданнем для нас, хрысціян, прама зараз”, - сказаў кардынал Маркс.

Еўропа ў цяперашні час знаходзіцца “на пераломным этапе свайго развіцця”, лічыць ён, і нагадвае, што эканамічная інтэграцыя для бацькоў-заснавальнікаў Еўрасаюза не была самамэтай, але “бачаннем адзінай і згоднай Еўропы ва ўмовах міру і свабоды”. І сёння салідарнасць і адзінства Еўропы, на думку кардынала, з’яўляюцца закладам сапраўднага міру. Прычым, “гэта тычыцца не толькі народаў Еўропы, але і ўсяго свету”, бо менавіта Еўропа была адпраўным пунктам вялікіх сусветных войн, нагадаў іерарх.

“Бягучы крызіс у Еўропе прадэманстраваў, што эканоміка, палітыка, культура і агульныя хрысціянскія каштоўнасці, не могуць быць аддзелены адзін ад аднаго”, - сказаў кардынал Маркс. Размова, у канчатковым выніку, не ідзе пра “тэхнічныя праблемы”, а пра “агульнае бачанне будучыні нашага кантынента”, - лічыць старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.