Святы Пасад востра крытыкуе біскупскае пасвячэнне ў Кітаі
Кангрэгацыя Евангелізацыі
Народаў выступіла з рэзкай крытыкай наступнага біскупскага пасвячэння без згоды Папы
ў Кітаі. Паводле інфармацыі, кс. Джузэпэ Е Фушэнг з Апостальскай адміністратуры ў
Харбіне рыхтуецца да прыняцця біскупскай сакры, на якую Святы Пасад не пагадзіўся.
Кангрэгацыя нагадвае, што біскупскае пасвячэнне без згоды Пантыфіка стаіць у супярэчнасці
з паўнамоцтвамі, якімі Хрыстус надзяліў св. Пятра і яго Наступнікаў.
“Прызначэнне
біскупаў Папам дае гарантыю адзінства Касцёла і яго іерархічнасці”, - адзначае ватыканская
дыкастэрыя ў сваім спецыяльным звароце і падкрэслівае, што Кодэкс Кананічнага Права
прадугледжвае сур’ёзныя санкцыі як для біскупа, які ўдзяляе сакру без згоды Апостальскай
Сталіцы, так і для таго, хто яе прымае. “Такое пасвячэнне наносціь балючую рану касцёльнаму
адзінству і з’яўляецца сур’ёзным парушэннем кананічнай дысцыпліны”, - адзначае Кангрэгацыя
Евангелізацыі Народаў.
Аўтары звароту падкрэсліваюць, што ўлада Папы мае выключна
рэлігійны і духоўны характар і не мае характару ўмяшання “ва ўнутраныя справы дзяржавы
і абразы яе суверэнітэту”, што замацавана таксама ў міжнародных дакументах аб рэлігійнай
свабодзе. “Прызначэнне біскупаў – гэта не палітычнае, а рэлійнае пытанне”, - адзначаецца
ў паведамленні.
Ватыканская дыкастэрыя падкрэліла, што планаванае біскупскае
пасвячэнне ў Харбіне будзе спрыяць выключна падзелам і напружанням унутры каталіцкай
супольнасці Кітая, таму кс. Е Фушэнг быў паінфармаваны аб тым, што Святы Пасад не
дае згоды на яго сакру.