2012-07-03 12:25:34

Пачынаецца летні этап служэння Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI 3 ліпеня пераселіцца ў сваю летнюю рэзідэнцыю ў Кастэль Гандольфа. Увечары на верталёце Папа вылеціць з ватыканскага геліпорта ў бок рэзідэнцыі над Альбанскім возерам. У ліпені адменены ўсе аўдыенцыі і публічныя мерапрыемствы з удзелам Святога Айца, у тым ліку агульныя аўдыенцыі па серадах. З 1 жніўня яны адновяцца і будуць праходзіць у Кастэль Гандольфа. Па нядзелях і святах Пантыфік узначаліць таксама малітву “Анёл Панскі”. Дата вяртання Папы ў Рым, пакуль не вядома. Верагодна, пасля свайго візіту ў Ліван, 14-16 верасня, Бэнэдыкт XVI вернецца яшчэ на некалькі дзён у летнюю рэзідэнцыю. Летам у Кастэль Гандольфа пройдуць два канцэрты ў гонар Папы. 11 ліпеня Даніэль Барэнбойм прадставіць Святому Айцу канцэрт у выкананні ізраільска-арабскага моладзевага аркестра, а 3 жніўня да Папы прыедуць музычныя і танцавальныя калектывы з Мюнхенскай дыяцэзіі. 15 ліпеня адбудзецца кароткі візіт Бэнэдыкта XVI у італьянскі горад Фраскаці, а 15 жніўня, па традыцыі, Папа наведае касцёл св. Тамаша з Віланова побач са сваёй рэзідэнцыяй.

Папская летняя рэзідэнцыя знаходзіцца прыкладна ў 25 км на паўднёвы ўсход ад Рыма, у горадзе Кастэль Гандольфа, дзе пражывае каля 8,5 тыс. чалавек. Плошча рэзідэнцыі – 55 гектараў – большая за плошчу Ватыкана, з яго 44 гектарамі. Віла, якая служыць у якасці Апостальскага палацу, была набыта ў 1596 г. папам Кліментам VIII.







All the contents on this site are copyrighted ©.