2012-07-02 15:09:49

Беларускія пілігрымы пачалі сваё падарожжа ў Будслаў


RealAudioMP3 Сёння з Мінска ў Будслаў вырушыла пілігрымка, ужо 23-ая па ліку. Усё пачалося з ранішняй св. Імшы ў архікатэдральным касцёле, на якой сабраліся каля 300 чалавек – з беларускай сталіцы і раёна. Далучыліся да беларусскіх пілігрымаў і вернікі з Расіі і Польшчы. З сабой – самае неабходнае, галоўнае – спальныя мяшкі, зручны абутак і вада. Пераадолець 125 кіламетраў – гэта не жарт. Тым больш, што наступныя 6 дзён – менавіта столькі будзе ісці пілігрымка – у Беларусі абяцаюць сапраўдную спёку – больш за 30. Але такога выпрабавання не баяцца ні дзеці, ні моладь, ні нават пілігрымы ва ўзросце.

Пасля Святой Імшы благаслаўленне пілігрымам удзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падарожжа ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай ён параўнаў са зваротам дзіцяці да сваёй маці. “Кожны з нас мае свае праблемы, і як дзіця ідзе з імі найперш да сваёй маці, так і мы ідзём да нашай нябеснай маці. Ідуць і моладзь, і старэйшыя, і з дзецьмі таксама. Гэта вельмі важная падзея – сведчанне нашай веры і спосаб новай евангелізацыі. Я спадзяюся, што гэта пілігрымка прынясе шмат духоўных плёнаў”. Сваё благаслаўленне на шчаслівае падарожжа ўдзяліў таксама Апостальскі нунцыі ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Іерархі таксама далучацца да пілігрымкі – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ужо 4 ліпеня праедзе частку шляху разам з велапілігрымкай, а арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці далучыцца да пілігрымаў перад самым Будславам. Заўтра з Мінска таксама выйдзе так званая пакутная пілігрымка – на хлебе і вадзе. Ужо ў дарозе і пілігрымы з Баранавічаў, гэта самая доўгая пілігрымка, якая будзе доўжыцца 9 дзён.

У гэтым годзе святкаванні ў Будславе будуць праходзіць 6 і 7 ліпеня. Да гэтага часу з розных куткоў Беларусі ў санктуарый прыдуць шматлікія пілігрымы, галоўнае для якіх – праслаўляць Хрыста, маліцца і дзяліцца добрым настроем.







All the contents on this site are copyrighted ©.