2012-07-01 11:39:16

Кардынал Бэртонэ: у Эўхарыстыі Езус бярэ нас за руку і кліча падняцца


RealAudioMP3 1 ліпеня кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ ўзначалі св. Імшу для удзельнікаў пленарнай сесіі Папскай Акадэміі св. Тамаша з Аквіну. Эўхарыстыя адбылася ў капліцы св. Паўла ў Апостальскім Палацы ў Ватыкане. У сваёй гаміліі іерарх паразважаў над сённяшнім Евангеллем і першым чытаннем, у якіх Бог і Езус Хрыстус прадстаўлены як крыніца жыцця, якая мае абсалютную ўладу над фізічнай смерцю і любога роду хваробамі. “Другое чытанне, нагадвае нам, што любоў Хрыста з’яўляецца каранём і мадэллю любові касцёльнай. Абодва гэтыя аспекты маюць моцную сувязь з эўхарыстычнай таямніцай”, - сказаў кардынал Бэртонэ.

Ён патлумачыў, што Эўхарыстыю можна параўнаць з вопраткай Хрыста, да якой хацела дакрануцца жанчына з Евангелля, каб атрымаць збаўленне. Таксама аб эўхарыстычным паяднанні з Панам, паводле кардынала Бэртонэ, нагавае евангельскі фрагмент аб увасрашэнні дачкі Яіра, якую Езус узяў за руку і загадаў устаць. “Прыходзячы да нас ў эўхарыстычнай Камуніі, Езус, у пэўным сэнсе бярэ нас за руку і кліча прачнуцца са смяротнага сну, падняцца з нашых упадкаў, з інэрцый, якія запавольваюць наш шлях да вышэйшага вымярэння хрысціянскага жыцця, да сталасці Хрыста ў нас”, - сказаў кардынал. Ён звярнуў увагу, на тое, што для таго, каб Езус мог больш эфектыўна дзейнічаць у нас неабходна наследваць Яго заклік: “Не бойся, толькі вер!”, які таксама ляжыць у аснове Года веры абвешчанага Бэнэдыктам XVI.

“Нават калі разумныя гэтага свету, аб’дналіся для таго, каб прыкаваць да ложку чалавецтва, здзекваюцца з Езуса і спачуваюць Яго наіўнаму даверу да Бога, ты не бойся, працягвай верыць і спадзявацца”, - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што кульмінацыяй такой жыццёвай пазіцыі з’яўляецца вера ў Езуса Эўхарыстычнага, гэта значыць у Яго жывую прысутнасць сярод свайго народа, у таямніцу ў якой Ён працягвае перамяняць чалавека і свет сваёй ахвярай любові і застаецца з намі, каб весці да Божага Валадарства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.