2012-06-30 16:24:29

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (XVI)


RealAudioMP3 У апошніх нашых перадачах я распавядаю пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Мінулая перадача была прысьвечана сьветламу сьвяту Хрыстовага Ўваскрасеньня. Сёньня я працягну распавядаць пра Пасхальны пярыяд, які пасля яго наступае.

Сьветлы тыдзень

Першы тыдзень пасля сьвята Пасхі называецца Сьветлым тыднем (слав. Светлая седміца). На гэтым тыдні нястомна сьвяткуецца Ўваскрасеньне Хрыстова. У багаслужэньні гэта выражаецца праз адмысловыя літургічныя тэксты, на службах сутачнага кола не чытаецца Псалтыр, райскай брама ў іканастасе не зачыняецца пад час багаслужэньняў.

Сьветлы тыдзень – гэта восемь дзён (ад нядзелі да нядзелі), якія сымвалізуюць надыход Божага Валадарства. На Сьветлым тыдні адмяняецца пост у сераду і пятніцу. Сьветлы тыдзень (праз тое, што мае восем дзён) нібы перакрачвае сямідзённы «зачынены» тыдзень. У гэтым ён нагадвае сьвята Пяцідзесятніцы – яно наступае праз 7 тыдняў і 1 дзень. Такім чынам знаходзім тут таксама тую ж пасхальную сімволіку.

У сваім трактаце Пра Сьвятога Духа сьв. Васіль Вялікі наступным чынам гаворыць пра сімволіку лічбы «восемь»:

Уся пяцідзесятніца – гэта прыгадваньне ўваскрасеньня чаканага ў будачым веку. Гэты адзіны і першы дзень, сем раз памножаны на сем, зьдзяйсьняе сем тыдняў сьвятой Пяцідзесятніцы, паколькі пачынаючыся першым днём і сканчваючыся апошнім, яна рэалізецца ў кожны дзень гэтага пярыяду. Гэта падобна да вечнасьці бо, як і ў цыклічным руху сканчваецца ён на тых самых знаках, з якіх і пачынаўся.

Варта тут дадаць, што да 4 стагодзьдзя, калі яшчэ не было усталявана сьвята Узьнясеньня, пасхальны пярыяд трываў 50 дзён, а дзень Пяцідзесятніцы зачыняў гэты пярыяд. Калі пачалі сьвяткаваць Узьнясеньне на саракавы дзень пасля Пасхі паводле храналогіі паданай евангелістам Лукою, то перарвалася гэта цэласнасьць. Цяпер увесь пасхальны пярыяд сканчваецца напярэданьні Пяцідзесятніцы.

Сьвята Ўзьнясеньня мае сві восемь дзён пасьвяцьця (ад чацьвергу да пятніцы перад Пяцідзесятніцай). Само сьвята Пяцідзесятніцы таксама мае восем дзён пасьвяцьця. Пасля пасьвяцьця Пяцідзесятніцы распачынаецца Пятроў пост, які сканчваецца перад сьвятам вялікіх апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня).

Палова сьвята

Палова сьвята – гэтак называецца сьвята, якое сьвяткуем у сераду чацьвёртага тыдня пасля Вялікдня. Прыгадвае яно сваімі багаслужэбнымі тэкстамі пра Ўваскрасеньне ды аб'вяшчае хуткае сьвяткаваньне Пяцідзесятніцы. Ва ўрыўку Евангельля (Ян 7:14-30), якое чытаецца ў гэты дзень, Ісус вучыць у сьвятыні.
Сьвята намётаў (а Евангельле апісвае, што ў менавіта ў палову гэтага сьвята Ісус навучаў у сьвятыні) было адным з трох вялікіх ўсенародных габрэйскіх святаў, у памяць знаходжаньня габрэяў у намётах падчас вандроўкі іх па пустыні, а асабліва ў памяць намёту, які паказаў Бог Майсею на гары, па вобразу якой Майсей збудаваў старазапаветную скінію.

Сьвята працягвалася восем дзён, з якіх першы і апошні былі асабліва сьвятыя. Абрадам восьмага дня, быў абрад ўрачыстага паліваньня вады. У гэтым абрадзе можна пабачыць знак сыходу Сьвятога Духа. У палове сьвята намётаў Госпад увайшоў у храм Ерусалімскі і вучыў.

Узьнясеньне

Гэтае сьвята было ўсталявана ў 4 стагодзьдзі найперш у Ерусаліме, а потым распаўсюдзілася па ўсім хрысьціянскім сьвеце. Ва ўсходняй пабожнасьці займае яно важнае месца. Сьвята Ўзьнясеньне ёсьць радасным сьвятам і некаторыя тэёлагі называюць яго сьвятам «радасьці расстаньня». Крыніцай гэтай радасьці ёсьць абяцаньне Сьвятога Духа, Суцяшальніка, Духа Праўды, у якім Ісус будзе прысутны ў сьвеце канца сусьвету.

Гэтай радасьцю і евангельскім аптымізмам прасякнуты літургічныя тэксты. Дазвольце, што для прыкладу і на завяршэньне нашай перадачы, працытую кандак сьвята:

Кандак (тон 6). Споўніўшы справу нашага збаўленьня і зьяднаўшы зямное з нябесным, Ты ўзьнёсься ў славе, Хрысьце Божа наш, не адлучыўшыся ад нас, але неразлучна прабываючы з намі і кажучы тым, што любяць Цябе: "Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога супраць вас".







All the contents on this site are copyrighted ©.