Сярод будучых благаслаўлёных мучанікаў – італьянскі змагар з мафіяй
Сярод дэкрэтаў аб
прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў, зацверджаных 28 чэрвеня Бэнэдыктам
XVI, ёсць адзін, які тычыцца асобы італьянскага святара кс. Джузэппэ Пуглізі, забітага
ў 1993 г. сіцылійскай мафіяй. Навіна аб гэтым хутка распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках
і італьянскіх СМІ, што сведчыць аб шырокім прызнанні ўкладу святара і ўсяго Касцёла
ў барацьбу супраць беззаконня і любога парушэння права. Кс. Пуглізі нарадзіўся ў 1937
г. у Палерма – калысцы сіцылійскай мафіі. Ён паходзіў з беднай сям’і. Пасля вучобы
ў семінарыі атрымаў святарскае пасвячэнне і пачаў актыўную душпастырскую працу сярод
“складаных падлеткаў” і наркаманаў у адным з кварталаў роднага горада, падкантрольнага
мафіі. Святар дапамагаў многім маладым людзям не патрапіць пад уплыў крымінальнай
групоўкі, за што неаднаразова атрымліваў пагрозы. У 1993 г., незадоўга да смерці,
ў падкантрольным мафіі раёне горада заснаваў евангелізацыйны цэнтр “Ойча Наш”, які
прыцягваў да сябе шмат дзяцей і моладзі. 15 верасня 1993 г. святар быў застрэлены
злачынцамі на парозе ўласнага дома.
Іменем будучага благаслаўлёнага названы
шматлікія італьянскія школы, у яго гонар штогод уручаецца літаратурная прэмія, італьянская
пошта выпусціла спецыяльныя маркі, да 10-й гадавіны яго мучаніцтва.