2012-06-28 13:08:16

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з дэлегацыяй Экуменічнага Патрыярхата


RealAudioMP3 28 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на чале з Мітрапалітам Францыі Эмануэлем (Адамакісам) з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Звяртаючыся да пасланнікаў Патрыярха Барталамея І, Папа адзначыў, што іх візіт дае магчымасць разам паразважаць аб “незвычайных справах, якія Бог учыніў і працягвае чыніць з дапамогай апосталаў у жыцці Касцёла”. “Іх прапаведванне, дапоўненае сведчаннем мучаніцтва, з’яўляецца цвёрдым фундаментам, на якім будуецца Касцёл, а ў вернасці скарбу веры, імі перададзенай, мы знаходзім карані адзінства, якое ўжо зараз перажываем паміж намі”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік нагадаў, што ў гэтым годзе будзе адзначацца юбілей з дня адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора, “на якім прысутнічалі некаторыя прадстаўнікі Экуменічнага Патрыярхату ў якасці братэрскіх дэлегатаў”. Папа падкрэсліў, што Сабор даў пачатак новаму важнаму этапу ў адносінах паміж Цэрквамі і заклікаў да супольнай падзякі Богу за адкрыццё глыбокага братэрства, якое іх злучае. Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама аб станоўчай ролі Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якая дзейнічае на працягу многіх гадоў.

“Узгадваючы аб юбілеі ІІ Ватыканскага Сабору, на маю думку, трэба нагадаць аб асобе і дзейнасці незабыўнага Экуменічнага Патрыярха Афенагораса, 40-я гадавіна смерці якога будзе адзначацца праз некаль дзён”, - звярнуў увагу Папа. Пантыфік падкрэсліў, што менавіта гэты праваслаўны іерарх, разам з Папамі Янам ХХІІІ і Паўлам VI, паклаў пачатак абноўленым адносінам паміж Экуменічным Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам.

“Для мяне асаблівай радасцю з’яўляецца магчымасць сцвердзіць, што Яго Святасць Барталамей І, з абноўленай вернасцю і творчай моцай, працягвае шлях, пачаты яго папярэднікамі Патрыярхамі Афенагорасам і Дзімітрыёсам, вылучаючыся на міжнародным узроўні сваёй адкрытасцю на дыялог паміж хрысціянамі і дзейнасцю на карысць абвяшчэння Евангелля сучаснаму свету”, - сказаў Папа.

Традыцыя абменьвацца дэлегацыямі паміж Святым Пасадам і Канстантынопальскім Патрыярхатам на свята св. апостала Андрэя і ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла існуе з 1969 г., калі ўпершыню Патрыярхат наведаў кардынал Ёханэс Вілебрандс, у той час старшыня Сакратарыяту па справах адзінства хрысціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.