2012-06-28 14:04:58

Арабска-ізраільскі аркестр дасць канцэрт для Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 11 ліпеня, ва ўспамін свайго нябеснага апекуна, св. Бэнэдыкта, Папа будзе прысутнічаць на канцэрце знакамітага арабска-ізраільскага аркестра “Заходне-усходні дыван”, які ў рамках свайго еўрапейскага тура спецыяльна прыедзе ў летнюю рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа. Дырыжыраваць аркестрам будзе яго заснавальнік Даніэль Барэнбойм. У праграме канцэрта – 5 і 6 сімфоніі Людвіга ван Бетховена. Аркестр “Заходне-усходні дыван” быў заснаваны ў 1999 г. для развіцця дыялогу паміж музыкантамі, якія паходзяць з канфліктуючых паміж сабой краін. У аркестры ёсць прадстаўнікі Ізраіля, Егіпта, Іарданіі, Сірыі, Лівана, Палестыны. Іх усіх аб’ядноўвае любоў да класічнай музыкі і жаданне міру для сваіх народаў. Назва аркестра – “Заходне-усходні дыван” паходзіць ад аднаіменнай паэмы Гётэ, у якой паэт выказаў важнасць адзінства культур Захаду і Усходу.

Музыканты прызналіся, што прычынай іх прыезду ў Кастэль-Гандольфа стала глыбокае прызнанне дзейнасці Святога Айца на карысць міру паміж юдэямі, хрысціянамі і мусульманамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.