2012-06-27 12:37:33

Старшыня спецкамісіі кардыналаў аб расследаванні ўцечак інфармацыі


RealAudioMP3 Кардынал Хуліян Эранс, старшыня спецыяльнай кардынальскай камісіі па высвятленні інцыдэнтаў з уцечкай і апублікаваннем тайных дакументаў Папы і Апостальскай Сталіцы, у інтэрв’ю агенцтву “ANSA” паведаміў, што камісія працуе з вялікай асцярожнасцю, але таксама даверам. “Я вельмі спакойны, праца камісіі ідзе імкліва”, - сказаў іерарх. Кардынал падкрэсліў, што падчас праслухоўвання сведкаў з’яўляюцца новыя факты, карысныя для лепшага зразумення падзей, звязаных з краджяжом дакументаў. “Гэты інцыдэнт выклікаў заклапочанасць Рымскай курыі і рэзкую рэакцыю Папы, які вырашыў высветліць гэты канфлікт да канца”, - сказаў кіраўнік ватыканскай камісіі.

Старшыня спецкамісіі таксама патлумачыў як праходзіць яе праца. “Цяпер мы завершылі першы этап праслухоўванняў. Тэмп прац вельмі інтэнсіўны. Кожны тыдзень мы праслухоўваем 4-5 асоб”, - паведаміў кардынал Эранс. Ён адзначыў, што сярод іх знаходзяцца як духоўныя, так і свецкія асобы, якія жывуць у Ватыкане або працуюць тут. “Асобы, якіх мы выклікаем, гавораць з намі вельмі шчыра і адкрыта. Гэта можна назваць свайго роду дыялогам. Мы задаем пытанні, а яны кажуць тое, што жадаюць”, - адзначыў іерарх і дадаў, што на гэтым этапе расследавання неабходна абсалютная канфідэнцыйнасць, бо выкліканыя асобы маюць на гэта права да заканчэння расследавання. Сам час яго заканчэнне сёння вызначыць складана.

Па словах кардынала, мэтай дзейнасці камісіі з’яўляецца збор фактаў для дапамогі следству. Ён падкрэсліў, што камісія не сутыкаецца з перашкодамі ў сваёй працы. “З намі ўсе супрацоўнічаюць. Справы, дзякуй Богу, ідуць вельмі добра”, - заявіў кардынал Эранс і дадаў, што ў бліжэйшы час можна спадзявацца новай інфармацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.