2012-06-27 11:58:46

Ватыканскі іерарх: у дыпламатыі важны не разлік, а ісціна


RealAudioMP3 Кардынал Жан Луі Таран перакананы, што дыпламатыя павінна знаходзіцца перш за ўсё на службе ісціны. Гэта асаблівым чынам стала зразумела пасля трагедыі Другой сусветнай вайны. На яго думку, “нацыянальныя ісціны” павінны быць падпарадкаваны “ісціне міжнароднай”, фундаментам якой з’яўляюцца мір і супрацоўніцтва. “І тут патрэбна глабальная этыка”, - заявіў іерарх 26 чэрвеня на сустрэчы ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў” у італьянскім пасольстве пры Святым Пасадзе. На яго думку, калі коратка падагульніць місію сённяшняй дыпламатыі – ёю будзе, безумоўна, мір ва ўсім міры і перакананне, што “любая палітыка павінна служыць чалавеку”.

Дыпламат выконвае місію, якая звязана з кантактам з рознымі культурамі і народамі. Ён часта з’яўляецца назіральнікам і пасярэднікам, і таму павінен адзначацца дабрынёй, цвёрдасцю і мудрасцю. Ён не можа забыцца пра шчырасць і праўду, лічыць кардынал Таран. “Але было б вялікім грахом не прызнаць, што дыпламатыя прадугледжвае пэўную смеласць: смеласць называць рэчы сваімі імёнамі”, - падагульніў ён.

Кардынал заявіў, што яго досвед падказвае, што дыпламатыя, скіраваная на разлік, рэдка дасягае сваёй мэты. На яго думку, толькі ісціна можа па-сапраўднаму служыць справе міру, згладжваць рознагалоссі і загойваць раны.







All the contents on this site are copyrighted ©.