2012-06-27 13:35:05

Бэнэдыкт XVI: наследаваць Бога – гэта дарыць саміх сябе


RealAudioMP3 “Духоўны запавет св. Паўла”, - так назваў Бэнэдыкт XVI Пасланне да Філіпянаў, напісанае Апосталам Народаў падчас яго знаходжання ў вязніцы, хутчэй за ўсё ў Рыме. Менавіта гэтаму біблійнаму тэксту Святы Айцец прысвяціў сваю сённяшнюю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Папа звярнуў увагу на цэнтральнае месца ў Пасланні да Філіпянаў “хрысталагічнага гімну”, які ў хрысціянскай традыцыі атрымаў назву “сarmen Christo”. У ім св. Павел заклікае імкнуцца наследаваць паводзіны Хрыста і Яго спосаб мыслення: любоў, шчодрасць, пакору, паслухмянасць Богу, дар з самаго сябе. “Гаворка ідзе не проста аб тым, каб наследаваць Езуса выключна ў маральным сэнсе, але аб’яднаць усё сваё існаванне з Яго спосабам мыслення і дзеяння. Малітва павінна весці нас да знаёмства і адзінства ў любові з Панам, якая пастаянна паглыбляецца, каб мець магчымасць думаць, дзейнічаць і любіць як Ён, у Ім і для Яго. Практыкаваць гэта, навучыцца пачуццям Хрыста – у гэтым заключаецца шлях хрысціянскага жыцця”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.
Пантыфік падкрэсліў, што “сarmen Christo” пачынаецца з апісання прыроды Езуса Хрыста, які, будучы Богам, не пажадаў трыумфаваць і навязваць сваё панаванне, валодаць прывілеямі, але “прыняў вобраз слугі, у рэальнасці азначаны пакутамі, беднасцю і смерцю”. “Упоўні стаў падобным на чалавека, акрамя граху, паводзіў сябе як слуга і прысвяціў служэнню іншым”, - сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што кульмінацыяй гэтага служэння стала смерць Хрыста на крыжы – форма пакарання, якая ўжывалася да рабоў, а не свабодных людзей.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў малітве, у нашых адносінах з Богам, мы адкрываем розум, сэрца і волю на дзейнасць Святога Духа, для таго, каб увайсці ў такую ж жыццёвую дынаміку. Аднак, паводле Святога Айца, чалавечая логіка, наадварот, часта шукае рэалізацыі самога сябе ва ўладзе, панаванні, моцных сродках. Чалавек уласнымі сіламі працягвае будаваць Вавілонскую вежу, каб самаму дасягнуць вышынь Бога, каб быць як Бог.

“Уцелаўленне Хрыста нагадвае, што поўная рэалізацыя заключаецца ў параўнанні ўласнай чалавечай волі з воляй Айца, у пазбаўленні ад уласнага эгаізму, каб напоўніцца любоўю ў любові Бога, і такім чынам стаць па-сапраўднаму здольнымі любіць іншых. Чалавек не знаходзіць самаго сябе застаючыся ў самім сабе, сцвярджаючы самаго сябе. Чалавек знаходзіць сябе, толькі выходзячы за межы самаго сябе. Калі Адам жадаў быць падобным на Бога, то не рабіў кепска, але меў няправільнае ўяўленне аб Ім”, - адзначыў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што Бог гэта не той, хто хоча толькі велічы, але любові, якая дорыць сама сябе, напачатку ў Тройцы, а затым у Стварэнні. “Наследаваць Бога, азначае выйсці за межы саміх сябе, падарыць сябе ў любові”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў таксама, што ў другой частцы “хрысталагічнага гімна” Паслання да Філіпянаў галоўным суб’ектам становіцца не Хрыстус, а Бог Айцец. Менавіта з пакоры перад воляй Айца Хрыстус прыняў вобраз слугі, а затым быў узвялічаны, і ад Айца атрымаў імя “Kyrios” - “Пан”, “каб перад іменем Езуса схілася кожнае калена ў нябе, на зямлі і ў пад зямлёй”. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што Пасланне да Філіпянаў дае нам два важных для малітвы ўказанні: па-першае, зварот “Пан” у адносінах да Хрыста, а па-другое, заклікае да малітвы на каленях. “Калі мы кленчым перад Панам – вызнаём нашу веру ў Яго, прызнаём, што Ён – адзіны Пан нашага жыцця”, - сказаў Бэнэдыкт XVI у завяршэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.