2012-06-26 16:03:41

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Галілеа Галілей – ахвяра несправядлівага пераследу Касцёла?


RealAudioMP3 Калі прамаўляецца імя Галілеа Галілея, перад вачыма ўзнікае вобраз закатаванага навукоўцы, закаванага ў кайданы, які з гонарам кідае ў твар інквізітару-дамініканіну словы “Eppur si muove!” – “І ўсё ж яна верціцца!”, даказваючы сваю тэорыю аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца. Паводле статыстычнага даследвання, праведзенага Еўрапарламентам, каля 30% студэнтаў краін Еўрапейскага саюза былі ўпэўнены ў тым, што Галілей за свае погляды быў спалены жывым на кастры. Амаль усе, 97% апытаных, лічылі, што ён перажыў катаванні.

На працягу стагодзяў антыкаталіцкай прапагандай быў створаны міф аб Галілеі – змагары з сярэдневечным цемрашальствам, апостале сучаснай навукі, нібыта несправядіва асуджным касцёльнымі невукамі. Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды погляды Галілея былі навуковымі і ці сапраўды ён пакутаваў за іх.

Па-першае варта адзначыць, што словы “І ўсё ж яна верціцца!” уклаў у вусны Галілея англійскі пісьменнік і журналіст Джузэппэ Барэцці больш чым праз 100 гадоў пасля смерці навукоўца. Галілей іх ніколі не прамаўляў і гэта падцвярджаюць дакументы яго часоў.

Па-другое, падчас суда над Галілеем, які працягваўся на працягу чатырох дзён, ён змог прадставіць толькі адзін аргумент у абарону сваёй тэорыі аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца. І гэты аргумент быў няправільны. Паводле Галілея, доказам яго тэорыі з’яўляліся марскія прылівы і адлівы, якія нібыта адбываліся ў выніку руху Зямлі. З гэтым тэзісам аднак не былі згодныя суддзі, якіх Галілей адкрыта лічыў дурнямі. Суддзі, многія з якіх былі астраномамі з Ватыканскай абсерваторыі, лічылі, што прылівы і адлівы адбываюцца паводле закона луннага прыцягнення, і як паказаў час мелі рацыю. Такім чынам доказаў геліацэнтрычнай тэорыі Галілей не прадставіў.

У XVII ст., пталемейская сістэма (аб тым, што Сонца і планеты верцяцца вакол Зямлі) і каперніканская (аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца), лічыліся раўнымі гіпотэзамі і абедве не мелі відавочных доказаў. Варта падкрэсліць, што першы сапраўдны доказ руху Зямлі вакол Сонца з’явіўся амаль праз стагоддзе пасля Галілея ў 1748 г. А каб “убачыць” абароты Зямлі, было неабходна дачакацца 1851 г., калі быў створаны знакаміты маятнік Фуко.

Галілей быў выкліканы ў суд, перш за ўсё таму, што нарушыў эдыкт, які існаваў у тыя часы: у сваё кнізе аб геліацэнтрычнай сістэме ён прадставіў ідэі Каперніка, як даказаную тэорыю. А гэта так не было. У часы Галілея існавала часовая забарона публічнага выкладання геліацэнтрычнай тэорыі Каперніка, бо не існавала яе дасканалых доказаў. Касцёл не адмаўляў тэорыі Каперніка – але часова прызнаваў яе толькі як гіпотэзу і сам аўтар тэорыі не меў нічога супраць гэтага. Ён захоўваў цудоўныя адносіны з Касцёлам – яго абсерваторыя месцілася на вежы катэдральнага касцёла ў Фромбарку. Яго асноўная навуковая праца была прысвечана папе Паўлу ІІІ, а дазвол на яе публікацыю даў той самы дамініканец, які асудзіў Галілея. Капернік быў з энтузіазмам прыняты ў Рыме і абраны членам Папскай акадэміі навук.

Галілей прытрымліваўся іншай пазіцыі: ён з нецярпімасцю і ганарлівасцю, абражаючы апанентаў, выказваў меркаванне, якое не мела пад сабой доказаў і за гэта быў асуджаны Рымскім трыбуналам інквізіцыі.

Аднак што гэта было за асуджэнне? Галілей не знаходзіўся ні воднага дня ў турме і не пакутаваў фізічна. Калі яго выклікалі ў Рым, яму было каля 70 гадоў – ён быў знакамітым астраномам, яго паўсюль прымалі з павагай, і сярод іерархаў Касцёла ён заўсёды знаходзіў падтрымку. Падчас судовага працэсу ён пражываў у Вечным горадзе за кошт Святога Пасаду ў доме з пяццю пакоямі і нават меў слугу. Пасля вынясення прысуду яго пасялілі ў шыкоўнай вілле ў Пінчо, адкуль яго неаднаразова запрашалі да сябе на абед касцёльныя іерархі, некаторым з якіх Галілей прысвяціў свае сачыненні.

Галілею не забаранялася весці навуковыя даследванні. Праз некалькі гадоў пасля асуджэння ён выдаў цудоўную кнігу, якая стала самай вялікай яго навуковай працай: “Размовы і матэматычныя доказы двух новых навук”. Такім чынам мы бачым, што ён ніякім чынам не цярпеў ад катаванняў.

А якім быў прысуд навукоўцу? На Галілеа Галілея была накладзена пакута – ён быў абавязаны раз на тыдзень маліцца спецыяльнымі пакутнымі псальмамі. Але і гэта “пакаранне” праз тры гады было адменена. Галілей, аднак, будучы вельмі веруючым чалавекам, працягваў маліцца псальмамі на працягу ўсяго свайго жыцця. Ён памёр ва ўзросце 78 гадоў у сваім ложку. Гэта адбылося 8 студзеня 1642 г. Адна з яго дачок, законніца, сведчыла, што апошнім яго словам было імя Езуса.

Легенда аб Галілеа Галілеі – мучаніку навукі, была выдумана дзеячамі Асветы, а затым падтрымана марксістамі. Яна была дапоўнена недарэчнымі “падрабязнасцямі”, аб тым што Галілея жорстка катавалі ў засценках рымскай інквізіцыі і што ён, нарэшце, быў спалены на кастры. Усё гэта было зроблена, каб прадставіць Касцёл у якасці праціўніка любых рацыянальных і навуковых памкненняў чалавецтва. Але мы ў чарговы раз змаглі ўпэўніцца што гэта не так.

Шаноўныя сябры, калі ў рамках нашай праграмы вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць або турбуюць, пішыце на наш адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va








All the contents on this site are copyrighted ©.