2012-06-26 13:07:26

Патрыярх Маскоўскі супраць маніпуляцый фінансавых эліт


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі Кірыл “перакананы, што паспяховае пераадоленне крызісу магчыма толькі з апорай на традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці”. На яго думку, менавіта краіны з праваслаўнай большасцю павінны падаць добры прыклад рэшце Еўропы. Іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў XIX Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, якая праходзіць у Празе і прысвечана праблемам дэмакратыі ва ўмовах глабальнага крызісу.

Па словах Патрыярха, якога цытуе яго прэс-служба, эканамічная стагнацыя выяўляецца не толькі ў матэматычных графіках, у падзенні біржавых каціровак, але і ў павелічэнні колькасці беспрацоўных і агульным зніжэнні ўзроўню жыцця людзей. Акрамя таго, як лічыць прадстаяцель, застой у сферы вытворчых адносін – гэта знешні бок перажыванага цяпер глыбокага крызісу каштоўнасцяў, а яго вытокі – у забыцці евангельскага прынцыпу: “Як хочаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы рабіце з імі”. На думку Патрыярха Кірыла, ігнараванне гэтай нормы стымулюе эгаізм, спажывецтва, геданізм, робіць многіх няздольнымі да разумнага абмежавання сваіх амбіцый дзеля дабра ўсяго соцыума.

Ён лічыць, што ўзнікшыя цяжкасці прымушаюць задумацца пра тое, як не дапусціць сітуацыі, пры якой мэты і задачы фінансавых эліт “аказваюцца вельмі далёкімі ад патрэб і спадзяванняў большасці насельніцтва, а дабрабыт нацыі становіцца прадметам маніпуляцый вузкага кола асоб”.

Прадстаяцей Рускай Праваслаўнай Царквы выказаў надзею на тое, што рашэнні, прынятыя на форуме, знойдуць сваё рэальнае ўвасабленне ў заканадаўчых ініцыятывах і дзяржаўнай палітыцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.