2012-06-26 17:00:55

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (XV)


RealAudioMP3 У апошніх нашых перадачах я распавядаю пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Тэма сёньняшняй нашай перадачы – Пасхальны пярыяд, а больш дакладна, яго пачатак - Пасха.

Напачатку трэба зазначыць, што сьвяткаваньне пасхальнай таямніцы адбываецца згодна з прынцыпам канцэнтрычных колаў (той хто бычыў кругі на вадзе ад кінутага каменя, той мяне разумее). Такімі коламі можна назваць сьвяткаваньне Сьветлага Тыдня ды паасобных Нядзеляў пасля Пасхі (якія маюць уласныя назвы), таксама адзначэньне Паловы сьвята Вялікадня, сьвяткаваньне Узьнясеньня і, урэшце, самога сьвята Зыходу Сьвятога Духа (Пяцідзесятніцы).

На працягу сарака дзён пасля Вялікадня (да ўзьнясеньня) у багаслужэньнях застаецца часткова пасхальны характар. Сьпеў трапару «Хрыстос уваскрос з мёртвых, / Сьмерцю сьмерць зваяваў, / І тым, што ў магілах, Жыцьцё дараваў!» замяняе сабой малітву «Уладару Нябесны» у гэты перыяд. Таксама у гэты час звычайна ня кленчаць на знак таго, што Госпад Ісус Хрыстос уваскрос. Пасля гэтых уступных заўвагаў давайце пяройдзем да больш падрабязнага апісаньня найперш сьвята Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Пасха

Пасхальная служба пачынаецца ва ўсходняй традыцыі звычайна ў поўнач (у ноч з суботы на нядзелю) працэсіяй вакол храма. Удзельнікі працэсіі, якую ачольваюць сьвятары, шматкроць сьпяваюць трапар: «Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе».

Пасля таго, як працэсія тройчы абыйдзе храм, яна спыняецца перад зачыненымі дзьвярмі сьвятыні. Тут сьвятар, зьвярнуўшыся да людзей, чытае фрагмент Евангельля пра Ўваскрасеньне (Мк. 16: 1-8). Скончыўшы ж, прагалошвае: «Слава сьвятой, адзінасутнай, жыватворчай і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў». Гэты возглас, якім фактычна пачынаецца ютрань.

Далей, таксама перад дзьвярмі, сьпяваецца пасхальны трапар «Хрыстос уваскрос з мёртвых» з адмысловымі вершамі ды сьвятар вітае прысутных словамі «Хрыстос уваскрос». Вернікі ж адказваюць - «Сапраўды ўваскрос». Пасля гэтага сьвятар урачыста стукае тройчы крыжом у дзьверы, які адчыняюцца і сьвятары з вернікамі ўваходзяць у сьвятыню. Падчас уваходу няспынна сьпяваецца трапар Уваскрасеньня.

Пасля вялікай екценьні распачынаецца сьпеў Велікоднага канону, аўтарам якога зьяўляецца Ян Дамаскін. Я дазволю сабе прачытаць вам толькі пачатак першай песьні канону. Але мяркую, што і гэтага кароткага фрагменту будзе даволі, каб перадаць вам незвычайную прыгажосьць і зьмястоўнасьць гэтага твору.

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста ў невымоўным зьзяньні ўваскрасеньня, і пачуць, як Ён кажа: Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню перамогі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Пасля пасхальнага канона наступае экзапастыляр: «Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!». Можна было б сказаць без вялікага перабольшваньня, што ўся пасхальная таямніцца зьмяшчаецца і знаходзіць выраз у гэтым тэксьце.

Далей сьпяваюцца Пахвальныя псальмы і песьні Велікодныя. Дазвольце, што зноў пазнаёмлю вас са зьместам некаторых з іх:

Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; / Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. / Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! / О, Пасха – вызваленьне ад суму, / бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, / і жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: / Нясеце добрую вестку апосталам.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю / і адзін аднаго абдымем; / скажам “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, /прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; / і ўсклікнем вось так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Падчас сьпеву "Уваскрасеньня дзень..."сьвятары і дыяканы вітаюць адзін аднаго трохкротным пасхальным пацалункам са словамі "Хрыстос уваскрос", "Сапраўды ўваскрос". Пасьля выходзяць з аўтара і вітаюць вернікаў. Скончыўшы, сьвятар чытае пасхальную гамілію, слова, якое прыпісываецца сьв. Яну Залатавуснаму. У гэтым слове сьв. Ян заклікае нас быць адважнымі і ўвайсьці ў радасьць нашага Настаўніка, бо «Стол багаты – усім хопіць з дастаткам».

Пасля ютрані наступае адразу Літургія сьв. Яна Залатавуснага. Пад час гэтай літургіі пачынаецца чытацца Евангельле паводле Яна. Існуе традыцыя, калі гэты фрагмент Евангельля – пралог Яна – чытаецца на розных мовах. Чыніцца гэтак, каб падкрэсліць універсальны і паўсюдны характар пасхальнай таямніцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.