2012-06-25 13:27:42

Хор Вэстмінстэрскага абацтва заспявае разам з Сікстынскай капэлай


RealAudioMP3 Сусветна вядомы хор Вэстмінстэрскага абацтва прыедзе на гэтым тыдні ў Рым. Калектыў будзе спяваць, разам з Сікстынскай капэлай, падчас літургіі Урачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначаліць Бэнэдыкт XVI 29 чэрвеня ў базыліцы св. Пятра. Упершыню ў сваёй 500-гадовай гісторыі хор Папскай сікстынскай капэлы будзе спяваць разам з іншым калектывам. Дэкан Вэстмінстэрскі Джон Хол сказаў, што выступленне англіканскага калектыва ў Ватыкане, гэта плён візіту Папы ў Вэстмінстэрскае абацтва ў 2010 г. На думку святара, яно стане магутным сімвалам экуменічных памкненняў абодвух Касцёлаў. Аб’яднаны хор праспявае ў тым ліку “Tu Es Petrus”, у гонар Наступніка св. Пятра.

Калектыў быў запрошаны Бэнэдыктам XVI пасля яго візіту ў Вялікабрытанію ў верасні 2010 г., падчас якога ён прыняў удзел у экуменічных нешпарах ў Вэстмінстэрскім абацтве. Хор застанецца ў Рыме некалькі дзён і выступіць з канцэртамі духоўнай музыкі ў базыліках Санта Марыя Маджорэ і Санта Марыя сопра Мінерва.

Св. Імша ва ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла з’яўляецца адной з самых важных літургій, падчас якой штогод уручаюцца паліі новым Мітрапалітам з усяго свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.