2012-06-25 13:44:21

Праваслаўная і каталіцкая моладзь разам шукаюць агульную этычную платформу


RealAudioMP3 25 чэрвеня ў Беларусі пачаў працу Летні багаслоўскі інстытут-2012. Гэта 13-ая па ліку Міжнародная навуковая канферэнцыя па актуальных пытаннях сучаснай теалагічнай адукацыі. Ніколі за час яе існавання ўдзельнікаў не выбіралі паводле канфесійнай прыналежнасці – слухачамі былі як праваслаўныя, так і католікі, а нават тыя, хто толькі пачаў знаёміцца з хрысціянскай рэлігіяй у тэорыі і на практыцы. Але ўпершыню ў гэтым годзе ЛБІ мае міжканфесійны характар канцэптуальна, паведаміў кіраўнік аддзела катэхізацыі Мінскай епархіі і нязменны выкладчык канферэнцыі айцец Аляксандр Шымбалёў.

“Міжканфесійны дыялог і павінен быць дыялогам. Людзі павінны сустракацца і размаўляць. Павінны бачыць адзін аднаго і размаўляць у гэтай высока інтэлектуальнай установе. Не проста на бытавым узроўні, дзе мы і так сустракаемся з прадстаўнікамі розных рэлігій. Мы запрашаем выкладчыкаў, якія з’яўляюцца адукаванымі людзьмі, і слухачоў, якія таксама адукаваныя і прагнуць больш ведаць аб тэалогіі. Заўсёды вельмі-вельмі цікавая размова ідзе. Трэба каб быў сапраўдны навуковы дыялог”.

Характар канферэнцыі і вызначыў яе склад – роўна на палову слухачы і выкладчыкі – праваслаўныя і католікі. Тэма гучыць так – “Хрысціянская сучасная этыка ў сённяшнім свеце на платформе праваслаўна-каталіцкага дыялогу”. Спектр тэм вельмі шырокі – “Навука і рэлігія”, “Гісторыя і прынцыпы святасці”, “Багаслоўе культуры”. А таксама курс па псіхалогіі, прысвечаны працы з людзьмі, якія жывуць побач з залежнымі ад алкаголю і наркотыкаў, іх называюць яшчэ сузалежнымі – гэта можа спатрэбіцца ў душпастырскай працы і парафіяльным кансультаванні, адзначыў айцец Аляксандр Шымбалёў.

“Да нас прыедуць гісторыкі з БДУ, педагогі розных напрамкаў, карэспандэнты таксама, прадстаўнікі мас-медыя. З боку каталіцкага касцёла – слухачы катэхетычнага коледжа ў Баранавічах. Усё гэта людзі, якія сутыкаюцца з багаслоўскімі пытаннямі ў сваім жыцці вельмі часта і таму жадаюць пашырыць свае веды. Можна пасябраваць і пасля канферэнцыі працягваць інтэлектуальныя размовы і сяброўства”.

Два тыдні цікавых лекцый удалечыні ад гарадскога шуму. Цішыня курортнай зоны Нарач, дзе пасяліліся ўдзельнікі канферэнцыі, будзе толькі спрыяць таму, каб лепш пачуць адзін аднаго і ўбачыць перш за ўсё спачатку чалавека, а потым ужо прадстаўніка нейкай канфесіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.