2012-06-25 14:59:12

Кс. Ламбардзі: крызіс у Рымскай Курыі – гэта не рэферэндум над кардыналам Бэртонэ


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламабардзі ў інтэрв’ю італьянскаму агенцтву “ANSA” паведаміў, што некаторыя італьянскія СМІ аднабакова і памылкова інфармуюць аб сустрэчы Бэнэдыкта ХVI з некаторымі кардыналамі, што адбылася ў суботу 23 чэрвеня, падчас якой нібыта павінна была абмяркоўвацца адстаўка кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ, і на якой ён не прысутнічаў. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы лічыць, што няма сэнсу чытаць артыкулаў, у якіх неаб’ектыўна апісваецца сітуацыя вакол асобы кардынала Дзяржсакратара, бо апошні прымаў удзел у той жа дзень у папярэдняй сустрэчы з кіраўнікамі ватыканскіх дыкастэрый. Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што кардынал Бэртонэ грае цэнтральную ролю ў Рымскай Курыі і яго прысутнасць ці адсутнасць на сустрэчах з Пантыфікам не павінна разглядацца як знак падтрымкі ці яе адсутнасці з боку Папы.

“Адстаўка кардынала Бэртонэ і абвяшчэнне прозвішчаў патэнцыяльных кандыдатаў на яго пасаду, зразумела, не былі тэмай сустрэчы Папы з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай Курыі”, - паінфармаваў кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што Святы Айцец асабіста з увагай сочыць за падзеямі вакол крадзяжу дакументаў і таму хацеў падзяліцца сваімі думкамі з кардыналамі і пачуць іх парады, маючы на ўвазе іх вялікі вопыт. “Праблема з так званым “Vatileaks” з’яўляецца больш шырокай і тычыцца наогул Рымскай Курыі і адносін паміж Ватыканкам і мясцовымі Касцёламі”, - сказаў кс. Ламбардзі. Італьянскі езуіт падкрэсліў, што гэта не азначае, што Бэнэдыкт ХVI не задумваецца аб зменах у Дзяржсакратарыяце. “Аднак мы не павінны забываецца аб тым, што яшчэ ў маі 2012 г., калі першы раз публічна гаварылася аб уцечцы канфідэнцыйных дакументаў, Бэнэдыкт ХVI пацвердзіў свой давер да найбліжэйшых супарцоўнікаў, у першую чаргу – кардынала Бэртонэ”, - нагадаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.