2012-06-25 12:47:55

Візіт Бэнэдыкта XVI – знак салідарнасці з пацярпелымі ад землятрусу


RealAudioMP3 “Знакам салідарнасці ўсяго Касцёла” стане візіт Бэнэдыкта XVI у пацярпелые ад землятрусу раёны на Поўначы Італіі. Папа заклікаў вернікаў далучыцца да яго падарожжа малітоўна. Святы Айцец ужо выказваў сваю падтрымку пацярпелым падчас свайго візіту ў Мілан на Сусветную сустрэчу сем’яў і аказаў ім матэрыяльную дапамогу. А зараз Бэнэдыкт XVI ляціць да ахвяраў землятрусу, каб падтрымаць іх асабіста і стаць для іх вестуном надзеі.

26 чэрвеня ў 10.15 ватыканскі верталёт прызямліцца ў Сан Марына дэ Карпі, адкуль Папа скіруецца ў Ровэрэта, дзе ў касцёле св. Кацярыны Александрыйскай загінуў пад заваламі пробашч гэтай парафіі. Тут Папа прысвяціць некаторы час індывідуальнай малітве і пасля праедзе галоўнай вуліцай горада, вітаючы жыхароў.

Наступным пунктам праграмы стане сустрэча Святога Айца са старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Эміліі-Раманьі кардыналам Карла Кафара і кіраўніком рэгіёна Васка Эрані. Папу прывітаюць асобы з пацярпелых раёнаў; сярод іх будуць 2 сям’і з Ровэрэта і Нові, якія засталіся без даху над галавой у выніку землятрусу, прадстаўнікі ўладаў, духавенства, валанцёры.

Як паведаміў напярэдадні падарожжа Папы біскуп Карпі Франчэска Кавіна, “візіт Святога Айца – гэта адзін з дароў, які Бог дае нам, каб ажывіць нашу надзею момантам радасці і супакою разам з Пастырам Касцёла”.







All the contents on this site are copyrighted ©.