Пасланнік Папы: канферэнцыя ў Рыа прынесла станоўчыя рэзультаты
На думку кардынала
Адзіла Пэдру Шэрэра, спецыяльнага пасланніка Папы на канферэнцыю ААН па ўстойлівым
развіцці “Рыа +20”, якая закончылася ў Бразіліі, форум прынёс некаторыя станоўчыя
рэзультаты. Іерарх прызнаў, што шматлікія ўдзельнікі мерапрыемства жадалі больш канкрэтных
рашэнняў у заключнай дэкларацыі канферэнцыі. Ён падкрэсліў, што нават, калі ўдзельнікі
не прыйшлі да некаторых рашэнняў, напрыклад, укладу багатых краін свету ў фінансаванне
ўстойлівай эканомікі ці скарачэння спажывання выкапнёвага паліва, якое найбольш забруджвае
навакольнае асяроддзе – канчатковы рэзультат канферэнцыі цалкам станоўчы, бо яго ўдзельнікі
дайшлі да падпісання сумеснага дакументу.
“Існавала пагроза, што ўдзельнікі
форума не падпішуць ніякага дакумента, аднак у канчатковым яго варыянце былі прапісаны
ў тым ліку і пытанні вялікай важнасці, напрыклад сцвярджэнне, што чалавек займае
цэнтральнае месца ў эканоміцы, а таксама і акрэсленне таго, чым з’яўляецца ўстойлівая
эканоміка. У канчатковым дакуменце звяртаецца ўвага на тры пункты: эканамічнае разціццё;
сацыяльнае развіццё, якое ставіць чалавека ў цэнтры ўвагі; і падкрэсліваецца, што
ўстойлівая эканоміка з’яўляецца таксама экалагічна ўстойлівай, бо заўсёды бярэ пад
увагу таксама і экасістэму”, - паведаміў іерарх.
Кардынал Шэрэр адзначыў, што
ў форуме “Рыа+20” прыняло ўдзел каля 120 прадстаўнікоў амаль усіх краін свету, хоць,
як падкрэсліў іерарх, у канферэнцыі не прынялі ўдзелу кіраўнікі такіх краін як: ЗША,
Італія і Японія. Апостальская Сталіца на канферэнцыі ў Рыа была прысутна ў якасці
назіральніка.