2012-06-23 11:58:39

Кс. Ламбардзі аб трагедыі сучасных бежанцаў


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі звяртае ўвагу на праблемы бежанцаў і неабходнасць аднаўлення ў іх надзеі і даверу да людзей і жыцця. У сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies” на Ватыканскім радыё, ён нагадаў, аб малітоўным чуванні пад назвай “Смерць надзеі”, якое прайшло ў Рыме з нагоды Сусветнага дня бежанца, што адзначаецца 20 чэрвеня. Чуванне было малітвай памяці аб тых, хто загінуў падчас драматычных уцёкаў ад пераследу, парушэння правоў чалавека, голаду, з многіх краін свету, адзначыў кс. Ламбардзі. “Яны паміраюць ад удушша ў грузавіках, ад прагі і голаду, перасякаючы пустыню, паміраюць у выніку нападаў злачынцаў, пераходзячы праз рэкі і горы, спрабуючы пераплыць мора на маленькіх і небяспечных лодках. Гаворка ідзе аб 20 тыс. загінуўшых толькі за апошнія гады на шляху ў Еўропу, і амаль 3 тыс. загінуўшых толькі ў гэтым годзе, пры спробе дасягнуць Італіі праз Міжземнае мора”, - адзначыў ён.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што бежанцы не імкнуцца выключна ў багатыя краіны. Ён прывёў прыклад лагера для бежанцаў Мбера ў Маўрытаніі, куды на працягу апошніх месяцаў прыбыло каля 70 тыс. чалаввек, ратуючыся ад жахаў грамадзянскай вайны. Езуіт адзначыў, што падобныя лагеры існуюць у многіх краінах Чорнага кантынента.

“Гісторыя аднаго бежанца, больш шакуючая, чым гісторыя другога. З лагера Мбара прыйшла гісторыя аб трох безабаронных і спалоханых маладых жанчынах з маленькімі дзецьмі, мужы якіх зніклі падчас канфіктаў, а самі яны сталі ахвярамі сексуальнага насілля. Але колькі яшчэ іншых, колькі іншых? І яшчэ, як і куды ўцякаць, калі больш не маеш нічога і пазбаўлены ўсялякіх сувязяў?”, - пытаецца кс. Ламбардзі.

Дырэктар Ватыканскага радыё падкрэсліў, што гэтым людзям неабходна даць прытулак і ежу, але яны патрабуюць таксама таго, каб быць пачутымі, зразуметымі, падтрыманымі па-чалавечы і духоўна. “Неабходна аднавіць мінімум іх даверу да іншых і жыцця, каб іх надзея магла жыць”, - адзначыў езуіт. На яго думку, “гэта адзін з самых вялікіх выклікаў, якія стаяць перад вернікамі і людзьмі добрай волі, калі мы па-сапраўднаму хочам пачаць з самых апошніх пры будаванні лепшага свету”.








All the contents on this site are copyrighted ©.