2012-06-23 13:50:57

Кардынал Равазі: людзі заўсёды будуць верыць


RealAudioMP3 “Год веры – гэта не толькі вялікая магчымасць для таго, каб даць імпульс новай евангелізацыі, але таксама нагода для разважання аб унутранай структуры веры”, - адзначае на старонках сённяшняга “L’Osservatore Romano” старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. У сваім артыкуле іерарх прапануе паразважаць аб некаторых важных кампанентах гэтага высокага акту чалавечага існавання. Кардынал Равазі цытуе выказванні некаторых вялікіх філосафаў, якія таксама імкнуліся зразумець таямніцу веры. Сярод іх дацкі мысліцель Сёрэн Киркегард, які казаў, што “вера з’яўляецца найвялікшай жарсцю чалавека”, і патрабуе поўнага, ахвярнага самапрысвячэння пошуку найвышэйшай праўды. Кардынал Равазі адзначае, што многія разумеюць веру толькі павярхоўна – як народную традыцыю, што выражаецца ў фальклёрных працэсіях і з’яўляецца салодкім суцяшэннем паміж супярэчнасцяў жыцця. Менавіта таму Карл Маркс называў веру “опіумам для народа”. Існуе таксама цалкам супрацьлеглы погляд: вера кладзецца у аснову тэакратый, сакральных рэжымаў і фундаменталісцкіх рухаў, якія перашкаджаюць бачыць яе сапраўднае значэнне. Акрамя таго, кардынал Равазі звярнуў увагу на існаванне розных сінкрэтычных вераванняў ці рэлятывізму, які таксама ператварыўся ў рэлігію.

“Аднак, нягледзячы на гэта, вера, яе тлумачэнні і шляхі працягваюць вабіць. Гэта аргумент, аб якім не гавораць у грамадстве, бо гэта, маўляў, незручна і няёмка, але аб веры нельга маўчаць, і так адбываецца ў моманты цішыні, падчас цярпення, у святочныя дні, заўсёды нечакана і па рознаму”, - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што сёння няма людзей, якія ня вераць і нагадаў словы эканаміста і сацыёлага Вільфрэда Парэто: “калі людзі сёння перастануць верыць, што кожны вечар сонца хаваецца за акіянам, яны павераць у нешта іншае, што не менш за гэта будзе адлюстроўваць рэальнасць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.