Папа не паедзе ў Славакію ў год св. Кірыла і св. Мятода
Бэнэдыкт XVI не будзе
асабіста прысутнічаць на ўрачыстасцях году св. Кірыла і св. Мятода ў Славакіі. Аб
гэтым паведаміў Апостальскі нунцый у Славацкай Рэспубліцы, арцыбіскуп Марыё Джардана,
на пасяджэнні епіскапату краіны. Прэзідэнт Іван Гашпаравіч і Канферэнцыя Біскупаў
Славакіі скіравалі свае запрашэнні да Святога Айца на гадавіну прыбыцця славянскіх
апосталаў у Вялікую Маравію 1150 гадоў таму.
Біскупская канферэнцыя апублікавала
паведамленне, у якім цытуе тэкст адказу Папы. Пантыфік дзякуе за запрашэнне ў Славакію,
моліцца за ўсіх жыхароў і дасылае сваё благаслаўленне на юбілейны год. У той жа час,
заяўляе, што не можа прыняць запрашэнне для асабістага візіту ў краіну. Генеральны
сакратар канферэнцыі, біскуп Мар’ян Хованец, заявіў: “Гэта азначае, што мы не чакаем
Папу ў гэтым годзе”.
Пасля перэгрынацыі рэліквій св. Кірыла і св. Мятода па
славацкіх дыяцэзіях, юбілейны год пачнецца 5 ліпеня ўрачыстай св. Імшой у горадзе
Нітра і закончыцца 16 верасня 2013 г. агульнаславацкай пілігрымкай у санктуарый Маці
Божай Балеснай у Шашціне. Пасланне Канферэнцыі Біскупаў да адкрыцця юбілейнага году
1 ліпеня будзе прачытана ва ўсіх каталіцкіх храмах краіны.