Бэнэдыкт XVI да калумбійскіх біскупаў пра евангелізацыю, экуменізм і сацыяльныя праблемы
22 чэрвеня Бэнэдыкт
XVI прыняў на аўдыенцыі 37 калумбійскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым у рамках візіту
“Ad limina Apostolorum”. Папа падкрэсліў, што Калумбія, “не застрахавана ад наступстваў
ігнаравання Бога” і таму патрабуе “абноўленай і плённай евангелізацыйнай дзейнасці”,
накіраванай на адраджэнне ў свядомасці людзей таго, што дае магчымасць быць вернымі
вучнямі і місіянерамі Хрыста. Пантыфік адзначыў, што не можа заставацца па-за ўвагай
і недаацэньвацца “усё большая прысутнасць пяцідзесятніцкіх і евангелісцкіх супольнасцяў,
не толькі ў Калумбіі, але і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі”. Ён падкрэсліў, што
ў гэтым кантэксце, Божы народ пакліканы ачысціць і ажывіць сваю веру. Папа заахвоціў
іерархаў клапаціцца аб тым, каб вернікі каталіцкіх парафій і супольнасцяў былі больш
“пабожнымі, ветлівымі і гасціннымі, каб ніхто не адчуваў сябе далёкім або ігнараваным”.
Святы
Айцец адзначыў важнасць катэхізацыі, распаўсюджвання рэлігійнай адукацыі, абуджэння
ў верніках пачуцця прыналежнасці да Касцёла, каб яны самі мелі жаданне дзяліцца Евангеллем
з іншымі. “Неабходна забяспечыць спакойны і адкрыты абмен з іншымі хрысціянамі, не
губляючы пры гэтым сваёй самабытнасці, што можа дапамагчы палепшыць адносіць з імі
і пераадолець недавер і непатрэбную канфрантацыю”, - звярнуў увагу Папа.
Пантыфік
лічыць, што Касцёл у Калумбіі павінен спрыяць вырашэнню сацыяльных праблем: клапаціцца
аб тых, хто пакутуе ад несправядлівага насілля, прыродных катаклізмаў, хвароб, беднасці,
а таксама дзейнасці злачынных груповак.