2012-06-20 13:15:59

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі пра малітву благаслаўлення і падзякі


RealAudioMP3 Сваю катэхезу 20 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прысвяціў малітве благаслаўлення і падзякі, якой св. Павел пачаў сваё Пасланне да Эфесцаў. Папа адзначыў, што Павел благаславіў Бога, бо Ён, “адкрыў нам таямніцу сваёй волі”. Святы Айцец падкрэсліў, што тэрмін “таямніца”, які часта сустракаецца ў Святым Пісанні і літургіі, у кантэксце веры азначае перш за ўсё міласэрную волю Бога, план Яго любові, якая ў Езусе Хрысце цалкам адкрылася і дала магчымасць “зразумець, разам з усімі святымі, што такое “шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, і пазнаць любоў Хрыста”. Папа адзначыў, што апостал праслаўляў Бога і адначасова тлумачыў прычыну гэтага праслаўлення. “Перш за ўсё, мы павінны благаславіць Бога Айца бо, як кажа св. Павел, – Ён “выбраў нас перад стварэннем свету для таго, каб былі святымі і нявіннымі перад Ім у любові”, - сказаў Папа.

“Бог паклікаў нас да існавання, святасці ў хрысціянскім жыцці, і служэння Яму ў Касцёле. Гэты выбар нават папярэднічаў стварэнню свету. Мы заўсёды былі ў яго плане і думках. (...) Пакліканне да святасці, адзінства з Богам, адзінага па-сапраўднаму “Святога”, – належыць да Яго вечнага плана, плана які працягваецца ў гісторыі і ахоплівае ўсіх мужчын і жанчын у свеце, бо гэта універсальнае пакліканне. Бог не выключае нікога са свайго плану любові”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа таксама звярнуў увагу на тое, што св. Павел паказаў нам, якім чынам Бог Айцец рэалізаваў свой план збаўлення. Пантыфік адзначыў, што праз крыжовую ахвяру Хрыста, якая была “унікальнай і непаўторнай падзеяй”, Бог паказаў, што любіць нас не толькі на словах. “Св. Павел запрашае нас зразумець наколькі глыбокай з’яўляецца любоў Бога, што перамяняе гісторыю, бо перамяніла яго ўласнае жыццё з ганіцеля хрысціян у нястомнага апостала Евангелля”, - звярнуў увагу Папа.

Пантыфік падкрэсліў таксама, што благаслаўленне св. Паўла заканчваецца зваротам да Святога Духа, які быў выліты ў нашы сэрцы, і мы атрымалі Яго “як абяцаную пячатку”.

Такім чынам, Папа звярнуў увагу, што ў малітве благаслаўлення св. Паўла ёсць заклік да разважання над дзейнасцю трох асоб Святой Тройцы: Айца, які нас выбраў яшчэ перад стварэннем свету, Сына, які адкупіў нас сваёй крывёй, і Святога Духа, які з’яўляецца залогам нашай вечнасці і будучай хвалы.

“У пастаяннай малітве, у штодзённых адносінах з Богам, давайце навучымся і мы, як св. Павел, заўважаць заўсёды больш ясна знакі Божага плану і Яго дзейнасці: у прыгажосці Стварыцеля, якая адлюстроўваецца ў Яго стварэннях, як спяваў св. Францішак: “Пахвалёны будзь мой Пане, ва ўсіх сваіх стварэннях”. У сваім жыцці, святыя паказваюць асабліва ясна, што можа зрабіць моц Бога з чалавечай слабасцю. Ва ўсёй гісторыі збаўлення Бог становіцца блізкім да нас і з цярплівасцю чакае нашага часу, разумее нашу нявернасць, умацовае нашу дзейнасць”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Ён адзначыў, што малітва дапамагае людзям натхняцца ў сваім жыцці не эгаізмам, жаданнем валодання, улады, але бескарыснасцю, жаданнем любіць, служыць. Гэта, паводле яго, адзіная магчымасць прынесці святло ў цемру свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.