У венгерскім горадзе
Эгер, праходзіць першы міжнародны семінар, прысвечаны праектам інтэграцыі Ромаў у
грамадствы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Арганізатарам мерапрыемства выступіла камісія
душпастырства Ромаў пры Канферэнцыі Біскупаў Венгрыі, у супрацоўніцтве з нямецкай
дабрачыннай арганізацыяй “Renovabis”. 19 чэрвеня на форуме выступіў кс. Габрыэле Бэнтоліо,
падсакратар Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Ён адзначыў, што цыгане
жывуць пераважна ў нефармальных паселішчах, часта пазбаўленыя вадаправоду і электрычнасці;
яны маюць вялікія праблемы з доступам да медыцынскай дапамогі.
“У некаторых
краінах Еўрасаюзу іх дзеці ходзяць у спецшколы, а шматлікія жанчыны падвяргаюццца
прымусовай стэрылізацыі”, - паведаміў кс. Бэнтоліо і дадаў, што ў Еўропе расізм адносна
цыган не толькі не знік, але да сённяшняга дня аказвае ўплыў на грамадскую думку,
ствараючы сярод насельніцтва меркаванне, якое не спрыяе салідарнасці і ўзаемнай павазе.
“Шлях да інтэграцыі ўключае прызнанне годнасці і важнасці кожнага чалавека, роўнасці
правоў і абавязкаў”, - падкрэсліў святар.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы
нагадаў аб працы Касцёла на карысць цыганаў і яго закіках паважаць іх традыцыю і культуру.
Святар падкрэсліў неабходнасць дапамогі з боку еўрапейскіх краін для паляпшэння ўзроўню
жыцця гэтага народу. Кс. Бэнтоліо падкрэсліў, што Касцёл не бачыць іншага выйсця,
як спрыяць паляпшэнню іміджа цыганаў, што ў сваю чаргу з’яўляецца ўкладам у стварэнне
адкрытага, салідарнага і справядлівага еўрапейскага грамадства.