2012-06-18 14:36:11

Электрамабіль для Залы Друку Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 Святому Пасаду быў перададзены ў дар чарговы “экалагічны” аўтамабіль. 18 чэрвеня італьянская кампанія “NWG” падаравала для карыстання Залай Друку Апостальскай Сталіцы электрамабіль уласнай вытворчасці “NWG Zero”. “Асаблівая ўвага да аховы навакольнага асяродзя, аб якой сведчыць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца для нас, якія працуем у сектары “зялёнай эканомікі”, нагодай для вялікага ўмацавання і крыніцай натхнення”, - гаворыцца ў спецыяльным лісце скіраваным ад імя ахвярадаўцаў. З нагоды перадання ў дар электрамабіля кіраўніцтва і супрацоўнікі кампаніі “NWG” прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі, якая пройдзе 20 чэрвеня. Затым адбудзецца ўрачыстае благаслаўленне электрамабіля ў якім прымуць удзел кіраўніцтва кампаніі і Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Святы Пасад лічыць важным заданнем спрыянне паляпшэнню экалагічнай сітуацыі ў свеце. Бэнэдыкт XVI неаднаразова заклікаў да рэалізацыі так званай “зялёнай культуры”, заснаванай на этычных каштоўнасцях. З гэтай мэтай яшчэ у 2008 г. на даху Залы Паўла VI у Ватыкане былі ўстаноўлены сонечныя батарэі, дзякуючы якім адбываецца ацяпленне, кандыцыяніраванне паветра і асвятленне вялізнага памяшкання ў якім Пантыфік часта сустракаецца з вернікамі. Акрамя таго, у красавіку 2012 г. французская аўтамабільная кампанія “Citroёn” ахвяравала Ватыкану два электрамабілі ўласнай вытворчасці. Імі карыстаюцца паліцэйскія, якія сочаць за парадкам на плошчы св. Пятра. Электрамабілі не выкарыстоўваюць паліва і таму маюць нулявы ўзровень выкідаў дыяксіду вуглярода, не ствараюць шуму і такім чынам з’яўляюцца поўнасцю спрыяльнымі для асяроддзя.









All the contents on this site are copyrighted ©.