2012-06-16 12:41:54

Кс. Ламбардзі: не забудзем і не пакінем Сірыю


RealAudioMP3 Да якога часу дынаміка насілля ў Сірыі будзе працягваць нарастаць і людзі будуць паміраць і ўцякаць са сваіх дамоў? Такое пытанне ставіць кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы на нашым радыё “Octava Dies”. Ён адзначыў, што з розных куткоў Сірыі штодзённа працягваюць паступаць навіны аб усё большым нарастанні, на працягу амаль 15 месяцаў, масавых забойстваў нявінных людзей, розных узростаў і веравызнанняў. “Сёння становіцца ўсё больш тых, хто сцвярджае, што неабходна казаць аб сапраўднай сітуацыі грамадзянскай вайны”, - сказаў дырэктар Ватыканскага радыё. Езуіт звярнуў увагу на тое, што Сірыя заўсёды характарызавалася мірным суінаваннем паміж прадстаўнікамі розных плыняў мусульманскага свету, экуменічнымі адносінамі паміж хрысціянамі розных канфесій, а таксама спакоем у міжрэлігійных адносінах паміж хрысціянамі і мусульманамі. Ён узгадаў, аб “незабыўным візіце” Яна Паўла ІІ у гэту краіну ў 2001 г. і адзначыў, што зараз Сірыя перажывае час насілля, хаоса і пагрозы падзелу. Кс. Ламбардзі узгадаў словы Апостальскага нунцыя ў Сірыі арцыбіскупа Дзэнары, які назваў існуючую сітуацыю “павольным сыходам у пекла”.

“Чаканні свабоды і большага ўдзелу у палітычным жыцці, якія ёсць у многіх маладых сірыйцаў, а таксама ў іншых краінах рэгіёна агорнутых ветрам пераменаў, не былі належна выслуханы кіраўнікамі, у той час як ў лагер апазіцыі ўвайшлі прыхільнікі насілля. Нягледзячы на неаднаразовыя заклікі Папы і іншых рэлігійных і свецкіх лідэраў, міжнародная супольнасць здаецца яшчэ няздольнай дзейнічаць эфектыўна”, - сказаў езуіт.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што на існуючую сітуацыю ўплывае адчувальнае для міжнароднай палітычнай раўнавагі месцазнаходжанне Сірыі. Ён нагадаў, што план па выхадзе з канфлікту прапанаваны былым генеральным сакратаром ААН Кофі Ананам не быў ажыцяўлены, а гіпотэзы аб міжнародным узброенным умяшальніцтве з’яўляюцца надзвычай трывожнымі. “Да якога часу дынаміка насілля ў Сірыі будзе працягваць нарастаць і людзі будуць паміраць і ўцякаць са сваіх дамоў?”, - пытаецца кс. Ламбардзі.

Ён адзначыў, што для веруючых цяперашні час, з’яўляецца момантам для спачування, малітвы, дапамогі пакутуючым, чым гэта магчыма, запрышэння да дыялога на розных узроўнях, пробліскаў надзеі. “Не забудзем і непакінем Сірыю”, - заклікаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.