2012-06-14 12:55:03

Унікальны даведнік аб фондах Ватыканскай бібліятэкі


RealAudioMP3 14 чэрвеня ў Старой сінадальнай зале Ватыкана адбудзецца прэзентацыя “Даведніка аб фондах манускрыптаў, нумізматыкі і друку Ватыканскай бібліятэкі” – двухтомнага выдання, у якім змешчана апісанне і гісторыя 250 фондаў, з якіх складаецца бібліятэка. Над унікальным даведнікам на працягу 12 гадоў працавала група з 25 спецыялістаў з 9 розных краін свету. Ён складаецца з больш чым 1,5 тыс. старонак, на якіх змешчана інфармацыя аб матэрыялах, манускрыптах, архівах, друкаваных тамах, манетах, медалях, малюнках, гравюрах, фотаздымках, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Выхад выдання чакалі шматлікія даследчыкі, якія лічаць, што яно значна спросціць пошук крыніц, а таксама дазволіць усім зацікаўленым пазнаёміцца з вялікім кніжным скарбам.

У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” адзін з аўтараў даведніка прафесар Франчэска Д’Аюто расказаў, што нават такія вялікія бібліятэкі як “British Library” ці “Bibliotheque Nationale de France” не маюць выдання такога ўзроўню як ватыканскі даведнік. “Гаворка ідзе аб публікацыі, у пэўным сэнсе, афіцыйнай – з дапамогай якой установа будзе прадстаўляць сябе ў свеце”, - адзначыў навуковец.

Ён распавёў, што праца над апісаннем фондаў “бібліятэкі бібліятэк” пачалася ў снежні 1999 г. па ініцыятыве кардынала Рафаэле Фарына, які пачаў кіраваць установай за два гады да гэтага. Прафесар Д’Аюто расказаў, што іерарх жадаў больш глыбока пазнаёміцца з вялізарнымі скарбамі бібліятэкі і так нарадзілася ідэя зрабіць іх дакладнае апісанне. Пры даследванні была выяўлена вялікая колькасць кніг, аб існаванні якіх раней не было вядома зусім: напрыклад, “Этыка” Спінозы ці рукапісы старажытнагрэцкага камедыёграфа Менандра.








All the contents on this site are copyrighted ©.