2012-06-14 11:03:13

Беларусь: у каталіцкіх журналістаў будзе свой Кангрэс


RealAudioMP3 У Беларусі рыхтуюцца правесці Першы кангрэс каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі. Ён пройдзе 24-26 жніўня. У гэтым годзе ў Баранавічах ўжо адбылася, можна так сказаць, яго рэпетыцыя – сімпозіўм, прысвечаны СМІ. Адным з яго вынікаў стала ідэя арганізаваць больш масштабны і прадстаўнічы форум. Яго сталіцай абралі Гродна – паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Нядаўна падобны форум прайшоў на Украіне, у Кіеве, а чым мы горшыя. Тым больш бачна, што без сродкаў масавай камунікацыі сёння нельга казаць пра евангелізацыю. Вырашылі правесці кангрэс у Гродна, бо там ёсць добрая база – семінарыя. Выдадзены ўжо плакаты, якія будуць размешчаны ва ўсіх касцёлах Беларусі, распрацавана ўжо прыкладная праграма”, - паведаміў адказны за СМІ ў епіскапаце іерарх. Гэта даклады, круглыя сталы, майстар-класы і набажэнствы. Для ўдзелу ў Першым кангрэсе будуць запрошаны шматлікія ўдзельнікі. Як з Беларусі, так і з-за мяжы, як прадстаўнікі друкаваных СМІ, так і аўдыёвізуальных, як рэлігійных, так і свецкіх, якія спецыялізуюцца на рэлігійнай тэматыцы.

“Не аднойчы свецкія журналісты прыходзілі і казалі, што ў нас падрыхтоўка як у свецкіх журналістаў, але як стаць журналістам хрысціянскім, ніхто нас не вучыў. У гэтым, я думаю, кангрэс таксама дапаможа. Касцёл знаходзіцца ў грамадстве, з’яўляецца яго часткай, і мы павінны адзін у аднаго вучыцца. І я адкрыты для таго, каб прадстаўнікі свецкіх СМІ больш ведалі аб Касцёле. Такі своеасаблівы лікбез зрабіць”, - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Асноўная місія Касцёла – несці Евангелле, а ў сучасным свеце гэта немагчыма без сучасных сродкаў камунікацыі. Сёння ў Беларусі дзейнічае два каталіцкіх выдавецтвы, восем каталіцкіх газет і часопісаў, як для дарослых, так для дзяцей і моладзі. Артыкулы і рэпартажы аб дзейнасці Касцёла выходзяць у нацыянальных выданнях і на тэлебачанні. Але спыняцца на гэтым нельга.

“Тэлебачанне вядзе прамую трансляцыю набажэнстваў на Божае Нараджэнне і Пасху, дае шмат інфармацыі аб іншых святах, мы маем таксама радыётрансляцыю св. Імшы, ці цяпер у нядзелю выйшла першая пяціхвілінная перадача з Ватыкана, такі агляд навін за тыдзень. Гэта на дзяржаўных СМІ робіцца. Таксама маем кожны месяц на тэлебачанні “Слова пастыра”, я выступаю, а таксама кожную нядзелю “Размову са святаром”. І яшчэ больш праграм будзе, яшчэ адзін праект з тэлебачаннем падпісаны. Аднак з другога боку трэба працаваць”, - заявіў Мітрапаліт.

Як працаваць – адказы будуць шукаць удзельнікі кангрэсу ў канцы жніўня. Дасягненні і праблемы мас-медыя, новыя формы і напрамкі, а таксама этычныя аспекты дзейнасці – гэта яшчэ не поўны спіс тэм, якія закрануць журналісты.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.