2012-06-14 12:05:18

Апостальская Сталіца і Літва падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні навуковых тытулаў


RealAudioMP3 8 чэрвеня 2012 г. у Вільнюсе было падпісана пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Літва аб узаемным прызнанні дыпломаў і навуковых тытулаў. Дамову падпісалі Апостальскі нунцый ў Літве арцыбіскуп Луіджы Банаццы і міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, у прысутнасці Арцыбіскупа Вільнюсскага кардынала Аўдрыса Бачкіса і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Літвы арцыбіскупа Сігітаса Тамкевічуса, а а таксама шматлікіх каталіцкіх іерархаў і прадстаўнікоў кіарўніцтва краіны. Заключанае пагадненне адпавядае Лісабонскай канвенцыі, падпісанай ў 1997 г., якая спрыяе ўзаемнаму прызнанню вышэйшай адукацыі і ўніверсітэцкіх навуковых тытулаў, а таксама большай мабільнасці студэнтаў і іх свабоднаму перамяшчэнню ў адукацыйных мэтах па еўрапейскіх краінах. Акрамя таго, пагадненне ўпісваецца ў так званы “Балонскі працэс”, які стварыў агульную прастору для вышэйшай адукацыі. У яго ўваходзяць 47 еўрапейскіх краін, у тым ліку і Святы Пасад.

Падпісанае пагадненне ўстанаўлівае правілы і працэдуры, якія гарантуюць прызнанне навуковых тытулаў. Яно ўдасканальвае прававыя асновы ўзаемных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Літва, якія рэгулююць тры Пагадненні, падпісаныя 5 мая 2000 г. Апошнія тычацца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і культуры; прававых адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай і пастырскай дапамогі католікам, якія служаць ва ўзброеных сілах Літвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.