2012-06-13 15:08:57

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – як дзейнічае Святы Дух?


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце канфірмацыі. У мінулых праграмах мы пазнаёміліся з дарамі Святога Духа: бояззі Божай, пабожнасці, умеласці, рады, мужнасці, розуму і мудрасці. Аб іх нам вядома са Старога Запавету, а калі дакладней, з кнігі прарок Ісаі. Канешне, каб да канца зразумець, хто такі Святы Дух – галоўная дзеючая асоба сакрамэнту канфірмацыі, гэтага не дастаткова. Таму у наступных праграмах, мы засяродзім нашу увагу на тым, якім чынам Ён дзейнічае. У рамках нашай праграмы мы паразмаўляем аб некаторых фундаментальных аспектах, якімі характарызуецца дзейнасць Святога Духа. Па-першае, хачу паўтарыць важную заўвагу – Святы Дух, гэта Боская Асоба. Менавіта Асоба. Такім чынам, немагчыма мець больш ці менш Святога Духа. Можна мець адносіны з Ім ці не, дазволіць яму дзейнічаць у ва мне, ці не дазволіць.

Што мы ведаем аб Святым Духу? Традыцыйна Ён прадстаўляецца праз сімвалы, напрыклад, у выглядзе голуба. Голуб – птушка вельмі спакойная і не агрэсіўная. Калі яна нам надакучыць, і мы вырашым прагнаць яе – адляціць адразу. Акрамя таго, можна узгадаць аб тым, што голуб сімвалізуе таксама супакой і любоў. Бог у выглядзе голуба аб’яўляўся над Езусам.

Адначасова, Святы Дух прадстаўляецца ў выглядзе полымя, сілы, агню, які сыйшоў на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы і змяніў іх. Полымя валодае, вялікай моцай, здольнай знішчаць. Такім чынам, гэтыя сімвалы паказваюць Святога Духа з аднаго боку спакойным, ненавязлівым; а з іншага, калі мы адкрыемся на яго, – спальваючым, перамяняючым рэальнасць, знішчаючым непатрэбнае.

Яшчэ адна характэрыстыка Святога Духа знаходзіцца ў малітве біскупа, якую ён прамаўляе падчас сакрамэнту канфірмацыі. У ёй Святы Дух называецца грэцкім словам “параклітос”. Калі перакласці яго на беларускую, то дакладна яно будзе гучаць як “хтосьці, хто пакліканы быць блізка”. Па лацінску гэта слова гучыць як “advocatus” – “пакліканы да сябе”. Праўда, не адразу зразумела, чаму такі тэрмін ужываецца ў адносінах да Святога Духа? Але паспрабуем разабрацца.

Узгадайце фрагмент з Евангелля паводле св. Лукі: “І калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону, ці што сказаць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну”. Тут Святы Дух выконвае функцыю таго, хто падказвае. Менавіта гэтым займаліся адвакаты падчас судовых працэсаў паводле старажытнаяўрэйскіх законаў. Раней на пытанні судзяў ці абвінаваўцаў павінен быў адказваць той, каго абвінавачвалі ў злачынстве. Роля адваката заключалася менавіта ў тым, каб стаяць побач з гэтым чалавекам і гаворачы яму на вуха даваць парады адносна таго, як адказваць на тыя ці іншыя пытанні. Святога Духа называюць “параклітос”, бо Ён той, каго трэба слухаць, каб адказаць на пытанні, што ўзнікаюць у нашым жыцці – на пытанні, якія ў нас будуць узнікаць пастаянна.

Цікава заўважыць, што не Святы Дух адказвае за нас; Ён толькі дае парады, падказвае, як дзейнічаць. Святы Дух – гэта той, хто не пакідае нас адных, стаіць заўсёды побач і дапамагае жыць сярод цяжкасцяў, з якімі сустракаемся ў жыцці.

Дык вось мы ўбачылі, што Святы Дух з’яўляецца асобай спакойнай і ў той жа час моцнай. Ён тактоўна дае нам парады і дапамагае адказаць на жыццёвыя пытанні. Але ўзнікае пытанне: якім чынам Святы Дух робіць гэта, як нам пачуць яго? Аб гэтым мы паразмаўляем у праграме ў наступную сераду.








All the contents on this site are copyrighted ©.