2012-06-13 14:11:13

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: адзінства з Богам не аддаляе ад рэальнасці


RealAudioMP3 "Малітва, гэта аазіс супакою, у якім мы можам напіцца вады, што насычае наша духоўнае жыццё і перамяняе наша існаванне”, - сказаў падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI. Сваю катэхезу Папа прысвяціў разважанню над словамі св. Паўла, змешчанымі ў 12 раздзеле Другога Паслання да Карынцянаў. Святы Айцец адзначыў, што Апостал народаў, “перад тымі, хто пытаўся аб легітымнасці яго апостальства, не пералічваў спісу супольнасцяў, якія заснаваў, кіламетраў, якія прайшоў; не абмяжоўваўся напамінам аб цяжкасцях і супрацьстаяннях, з якімі сутыкнуўся пры абвяшчэнні Евангелля, але казаў толькі аб сваіх адносінах з Панам”. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што паводле св. Паўла, ён, трываючы ў глыбокай малітве, быў узяты на неба, у “сад” Божы, але, каб не ўпасць у пыху і не пачаць хваліцца з прычыны той велічы, што яму давялося пабачыць, насіў у сваім целе “шып” пакуты. Св. Павел шмат маліў Пана аб тым, каб Ён аддаліў гэта выпрабаванне, аднак падчас глыбокай малітвы пачуў словы: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц выяўляецца ў слабасці”.

Святы Айцец адзначыў, што св. Павел не ганарыўся тым, што Хрыстус дзейнічаў у яго слабасці, і гэта паказвае, наколькі ён зразумеў, што значыць быць апосталам Евангелля. Паводле Пантыфіка глыбокая і даверлівая пакора перад аб’яўляеннем Бога з’яўляецца фундаментальнай для нашай малітвы і жыцця, для адносін з Богам і нашымі слабасцямі.

“Канешне Павел жадаў вызваліцца ад гэтага шыпа, ад пакуты, але Бог сказаў “не” – гэта неабходна для цябе, бо тады атрымаеш дастаткова ласкі для таго, каб супрацьстаяць і зрабіць тое, што павінен. Гэта тычыцца таксама і нас. Пан не вызваляе нас ад бедаў, але дапамагае нам узрастаць у пакутах, цяжкасцях, пераследах”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа падкрэсліў, што ў нашым жыцці толькі давер да Бога і вера ў Яго дабрыню з’яўляецца гарантыяй таго, што наша дзейнасці не будзе пустой. “Так ласка Пана стала сілай, якая суправаджала св. Паўла ў шматлікіх цяжкасцях, звязаных з распаўсюджваннем Евангелля, а яго сэрца увайшло ў сэрца Хрыста, стала здольным весці іншых да Таго, хто памёр і ўваскрос для нас”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “у малітве мы адкрываем нашы душы Пану, каб Ён прыйшоў жыць у нашых слабасцях, перамяняючы іх сілай Евангелля”.“У свеце, у якім мы рызыкуем давяраць толькі эфектыўнасці і моцы чалавечых сродкаў, мы пакліканы адкрыць нанава і сведчыць аб моцы Божай, якая перадаецца ў малітве”, – сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што містыка св. Паўла грунтавалася на яго штодзённых і глыбокіх адносінах з Богам, Які заўсёды падтрымліваў апостала сваёй ласкай.

“Містыка не аддаліла яго ад рэальнасці, але наадварот дала яму сілы кожны дзень жыць для Хрыста і будаваць Касцёл аж да канца часоў у гэтым свеце. Адзінства з Богам не аддаляе ад свету, але дае нам сілу быць у ім па-сапраўднаму, рабіць тое, што мы павінны ў свеце”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што чым больш вернікі будуць прысвячаць часу на малітву, тым больш будуць бачыць, што іх жыццё змяняецца і натхняецца сілай канкрэтнай любові Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.