2012-06-12 16:27:46

“100 пытанняў - 100 адказаў”. Езус быў жанаты?


RealAudioMP3 У 1960 г. грэцкі філосаф, пісьменнік і журналіст Нікас Казандзакіс выдаў кнігу, якой было наканавана стаць адным з самых вядомых бестсэллераў ХХ ст. Я маю на ўвазе “Апошнюю спакусу”, якая была экранізавана ў 1988 г. амерыканскім рэжысёрам Марцінам Скарцэзэ пад назвай “Апошняя спакуса Хрыста”. Галоўная ідэя гэтага твору заключалася ў тым, што Езус марыў аб жаніцьбе і сямейным жыцці. У 2006 г. новую інтэрпрытацыю гэтай тэорыі даў Дэн Браўн у сваёй кнізе “Код Да Вінчы”: аўтар выдвінуў тэзіс аб тым, што Езус сапраўды быў жанаты. На працягу апошніх некалькіх гадоў з’явілася каля дзесятка кніг, якія са спасылкай на апакрыфічныя Евангеліі і псеўданавуковыя меркаванні даказвалі адзін тэзіс: Езус не мог жыць у цэлібаце. Галоўным аргументам было тое, што Ён быў яўрэем. У творы Дэна Браўна чытаем дакладна: “Езус быў яўрэем і звычаі таго часу віртуальна патрабавалі ад яўрэя быць жанатым. Паводле яўрэйскіх традыцый, цэлібат асуджаўся і кожны бацька павінен быў знайсці для свайго сына добрую жонку”. Канешне, на думку гэтых псеўдазнатакоў самай адпаведнай кандыдытурай на ролю жонкі Хрыста была Марыя Магдалена. Паспрабуем разабрацца ці сапраўды Езус не мог жыць у цэлібаце.

Канешне, вучні Хрыста, у тым ліку і Марыя Магдалена, называлі яго “rabbi” – “настаўнік”, а сёння рабіны традыцыйна жанатыя. Але, сучасны іўдаізм, паходзіць толькі ад адной плыні рэлігійных накірункаў, якія існавалі ў Ізраіле ў часы Езуса, а калі быць дакладнымі, то ад плыні фарысеяў. Аднак, нельга забываць таксама аб садукеях, галоўных апанентах Хрыста, і традыцыяналістах эссэях, аб якіх вядома даволі шмат, дзякуючы археалагічным знаходкам, знойдзеным каля Мёртвага мора.

Дык вось, эссэі чакалі надыходу духоўнага Месіі, які паходзіў з роду Давіда і многія з іх бачылі менавіта ў Хрысце збаўцу, аб якім казалі прарокі. Лічыцца, што першая хрысціянская супольнасць складалася менавіта з вызнаўцаў гэтай плыні. Паводле хрысціянскай традыцыі Езус святкаваў сваю апошнюю Пасху на Сіёнскім пагорку, у паўднёва-заходняй частцы Ерузалема. У той час тут жылі менавіта эссэі. Гэта ўдакладненне тлумачыць адну з біблійных супярэчнасцяў: чаму Езус пачаў святкаваць Пасху ў чацвер, “у першы дзень Праснакоў”, як адзначаецца ў Евангеллях. Адказ на гэта пытанне далі менавіта манускрыпты, знойдзеныя на беразе Мёртвага мора. У іх апавядаецца, што эссэі святкавалі Пасху па сонечным календары, у той час, як фарысеі і садукеі па лунным. У тым квартале Ерузалема, дзе святкаваў Пасху Езус, яна пачалася на два дні раней. Хутчэй за ўсё, хтосьці з мясцовых эссэяў прыняў Хрыста і яго вучняў у сябе дома. Адзінай умовай для гэтага павінна была быць адсутнасць на вячэры жанчыны. Ессэі прытрымліваліся цэлібату і жылі як манахі.

Іншае пацвярджэнне таго, што Езус святкаваў Пасху сярод эссэяў, знаходзіцца ў Евангеллі паводле св. Марка. Евангеліст апавядае аб тым, як Хрыстус адправіў сваіх вучняў да насільшчыка вады, які павінен быў указаць месца, дзе прыгатаваць Пасху. Нашэннем вады ў яўрэяў займаліся жанчыны, але не паўсюль. Толькі ў адным месцы гэта рабілі мужчыны – менавіта ў супольнасці эссэяў. Да сённяшняга дня захавалася нават лесвіца, якая вяла ад купальні да Сіёнскага пагорку.

Аб цэлібаце сярод яўрэяў таксама сведчыць постаць св. Яна Хрысціцеля – “папярэдніка Хрыста”. Ён зрабіў з цэлібата сваю жыццёвую норму. Гэта падцвярджае адзін з самых аўтарытэтных у свеце даследчыкаў старажытнаяўрэйскай культуры, выкладчык Оксфардскага універсітэта Геза Вермес, у сваёй кнізе “Езус – яўрэй”. Вэрмес адзначаў, што прароцтва і сужэнства ў яўрэйскай традыцыі былі несумяшчальнымі. Месіянізм у юдаізме І ст. уключаў у сябе цэлібат, як абавязковы элемент. У старажытнасці яўрэі называлі яго “назырыят”, а гаворка аб ім ідзе ў Торы, у кнізе Лічбаў (6, 1-21). Назарэі не стрыглі валасоў і не галілі барады. Цікава, што менавіта ў такім выглядзе традыцыйна прадстаўляецца Езус і так ён выглядае на Турынскай плашчаніцы.

У Евангеллі паводле Мацвея Езус сам звяртае ўвагу вучняў на прароцкі цэлібат, калі адказвае на пытанне аб тым, “ці трэба жаніцца”. Ён адказаў: “Ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі сябе зрабілі скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее” (Мц 19, 12).

Трохі пазней, Пётр спытаў Езуса: “Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?”. А Езус адказаў ім: “І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае”. Гэты дыялог набывае сэнс толькі тады, калі Езус сам адмовіўся ад усяго: не меў дома, жанчыны, дзяцей, жыў сярод сяброў, вучняў ці ў пячорах. “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву” (Мц 8, 20). Гэтыя словы дакладна не могуць належаць жанатаму чалавеку ці бацьку.

Таксама і факты з вяселля ў Кане, якое Дэн Браўн “пераўтварыў” у шлюб Езуса з Марыяй Магдаленай, супярэчаць гэтай тэорыі. На заўвагу сваёй маці аб тым, што скончылася віно, Хрыстус адказаў: “Ці гэта мая справа?”. Гэта сведчыць аб тым, што Ён быў толькі госцем. Св. Ян апавядае таксама, што пасля вяселля, Езус пайшоў у Кафарнаўм разам са сваёй Маці, братамі і вучнямі. Гэта таксама не адпавядае паводзінам маладога жаніха.

Нарэшце апошнім доказам таго, што Езус жыў у цэлібаце з’яўляецца пытанне св. Паўла, якое змешана ў Пасланні да Карынцянаў: “Ці не маем мы права мець жонку веруючую, як іншыя апосталы і браты Пана і Кіфа?” Св. Павел не прыводзіць у прыклад Езуса, а толькі некаторых апосталаў. Напрыклад нам вядома дакладна, што жанатым быў св. Пётр. У Евангеллях апавядаецца, што Езус быў у гасцях у яго цёшчы. Такім чынам Павел не ставіць у прыклад Хрыста бо, ведаў, што ён не быў жанаты.

Відавочна, што тэзіс аб тым, хто Хрыстус быў жанаты – не падцвярджаецца. Цэлібат сярод яўрэяў І ст. існаваў, прароцкія функцыі лічыліся несумяшчальнымі з сужэнствам, Евангеллі, а таксама словы Хрыста і яго блізкіх сведчаць аб тым, што Ён не мог мець жонкі. Чаму ж з’яўляюцца як грыбы кнігі аб адваротным? Напэўна жаданне Казандзакіса, Скарцэзы і Браўна праславіцца і зарабіць грае тут не апошнюю ролю.

Шаноўныя сябры, калі ў рамках нашай праграмы вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць або турбуюць, пішыце на наш адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va








All the contents on this site are copyrighted ©.