2012-06-12 14:11:34

Нацыянальны дэлегат ад Беларусі на дублінскім Эўхарыстычным кангрэсе


RealAudioMP3 У Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе, які пачаўся 10 чэрвеня ў Дубліне, прымае ўдзел нацыянальны дэлегат ад Беларусі, кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнага касцёла ў Гродне. Ён не ўпершыню прадстаўляе Беларусь на такіх форумах, святар удзельнічаў у прошлым Эўхарыстычным кангрэсе ў Квэбэку. На думку кс. Яна, у параўнанні з мінулай сустрэчай у Канадзе, дублінскі форум значна саступае па колькасці ўдзельнікаў. Не ўсе жадаючыя нават з еўрапейскіх краін змаглі прыехаць сюды з-за значных коштаў падарожжа і пражывання. Не гледзячы на гэта, Дублін у гэтыя дні ператварыўся ў цэнтр эўхарыстычнай пабожнасці Касцёла, адзначыў кс. Ян Кучынскі. Падчас сустрэч, канферэнцый, дыскусій гучыць галоўная думка мерапрыемства: Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам жыцця кожнага верніка.

Святар лічыць, што наспела неабходнасць арганізаваць Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі, па прыкладу нашых суседзяў з Украіны, дзе сёлета ўпершыню прайшоў такі форум. Ён будзе карысным для аднаўлення эўхарыстычнай пабожнасці вернікаў, разумення імі самой Эўхарыстыі, лічыць кс. Ян Кучынскі. Асабліва важна нагадаць аб ролі і каштоўнасці Эўхарыстыі маладому пакаленню хрысціян. Нацыянальны дэлегат перакананы, што правядзенне такога форуму ў Беларусі цалкам магчыма.







All the contents on this site are copyrighted ©.