2012-06-10 11:45:22

Кардынал Бэртонэ: Ян Павел ІІ – сведка і настаўнік культуры жыцця


RealAudioMP3 Працягваецца візіт кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ у Польшчу. Пасля наведвання культурнай сталіцы гэтай дзяржавы Кракава, дзе іерарху была ўручана ступень ганаровага доктара Папскага універсітэта імя Яна Паўла ІІ, кардынал Бэртонэ накіраваўся ў Лодзь. Тут ён прыняў удзел у сустрэчы з дзеячамі культуры і навукі. У сваёй прамове да прысутных кардынал паразважаў аб постаці Яна Паўла ІІ, як сведкі і настаўніка культуры жыцця. Ён адзначыў, што ўсё жыццё благаслаўлёнага Папы было вялікім сведчаннем культуры жыцця, асабліва ў моманты пакутаў. “Гаворыцца, што пакуты сталі адной з яго энцыклік”, - сказаў кардынал Бэртонэ. “Папа Ян Павел ІІ ніколі не рабіў таямніцу са сваёй хваробы, і ніколі не спрабаваў хаваць яе. Праз свае фізічныя пакуты ён заклікаў нас да Евангелля жыцця, якое падштурхоўвае усіх: адзінокіх, сем’і, асацыяцыі і ўстановы, скіраваць свае намаганні “каб законы дзяржавы ніякім чынам не парушалі права на жыццё”, а наадварот, спрыялі “абароне фундаментальных правоў чалавека, асабліва самага слабога”, як у эмбрыянальнай стадыі, так і паміраючага”, - падкрэсліў іерарх.

Гаворачы аб благаслаўлёным Папе, як настаўніку культуры, жыцця кардынал Бэртонэ звярнуў увагу на важнасць энцыклікі “Evangelium vitae” напісаную у 1995 г. Іерарх нагадаў словы Пантыфіка аб тым, што сённяшняя чалавецтва знаходзіцца у цэнтры барацьбы паміж “культурай смерці” і “культурай жыцця”, і сваімі штодзённымі выбарамі кожны з нас становіцца на бок адной ці іншай сілы. Кардынал Бэртонэ назваў прычынамі ўзнікнення “культуры смерці” “паняцце свабоды, якое узвышае абсалютным чынам асобнага індывідыўма, і робіць яго далёкім ад салідарнасці, поўнага прыняцця і служэння іншаму”. Іерарх нагадаў словы Папы аб адказнасці сем’яў за будаванне “культуры жыцця”: неабходнасці захавання цывілізацыі любові, ролі жанчын, клопаце аб дзецях, моладзі і старых. “Абарона і спрыянне жыццю не з’яўляюцца манаполіяй каго-небудзь, але заданнем і адказнасцю ўсіх”, - нагадаў словы Папы кардынал Бэртонэ.

Візіт іерарха ў Польшчу працягнецца да 13 чэрвеня. Кардынал Бэртонэ наведае таксама гарады Быдгаш і Гданьск.








All the contents on this site are copyrighted ©.