2012-06-10 12:33:27

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Эўхарыстыя вучыць дзяліцца жыццём і дабротамі


RealAudioMP3 “Няхай у кожнай касцёльнай супольнасці распаўсюджваецца і ўзрастае сапраўдная і глыбокая вера ў Эўхарыстычную таямніцу”, - з такімі словамі звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў Бэнэдыкт XVI. 10 чэрвеня, перад малітвай “Анёл Панскі” Папа звярнуўся да іх з кароткай прамовай, якую прысвяціў значэнню сакрамэнта Эўхарыстыі, эўхарыстычнай адарацыі, а таксама Урачыстасці Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца сёння ў многіх краінах свету. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – Сёння ў Італіі і многіх іншых краінах святкуецца “Corpus Domini”, гэта значыць Урачыстасць Цела і Крыві Хрыста, Эўхарыстыі. Застаецца заўсёды жывой традыцыя ў гэты дзень праводзіць урачыстыя працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, па вуліцах і плошчах. У Рыме працэсія ўжо адбылася на дыяцэзіяльным узроўні ў мінулы чацвер, дакладна ў дзень гэтага свята, якое кожны год аднаўляе ў хрысціянах радасць і ўдзячнасць за эўхарыстычную прысутнасць Езуса паміж намі.

Урачыстасць “Corpus Domini” з’яўляецца вялікім актам публічнага культу Эўхарыстыі, сакрамэнта ў якім Пан застаецца прысутным таксама пераўзыходзячы час цэлебрацыі, каб быць заўсёды з намі, на працягу гадзін і дзён. Ужо св. Юстын, які пакінуў нам адно з самых старажытных сведчанняў эўхарыстычнай літургіі, сцвярджаў, што пасля раздачы камуніі прысутным, кансэкраваны хлеб дыяканы неслі таксама і тым, хто адсутнічаў (пар. Apologia, 1, 65). Таму ў касцёлах самым сакральным месцым з’яўляецца тое, дзе захоўваецца Эўхарыстыя. З гэтай нагоды я не магу не думаць без пачуццяў аб шматлікіх касцёлах, якія былі сур’ёзна пашкоджаны землятрусам ў Эміліі-Раман’і і аб факце, што таксама і эўхарыстычнае Цела Хрыста, у табернакулюмах, у некаторых выпадках засталося пад заваламі. З любоўю малюся за супольнасці, якія разам са сваімі святарамі павінны сабрацца для удзелу ў св. Імшы на адкрытым паветры ці ў вялікіх намётах; я дзякую вам за сведчанне і за тое, што вы робіце для ўсяго народа. Гэта сітуацыя яшчэ больш узвышае важнасць быцця аб’яднанымі ў імя Пана і сілы якая паходзіць з Эўхарыстычнага Хлеба, які называюць таксама “хлебам пілігрымаў”. Ад дзялення гэтым хлебам нараджаецца і аднаўляецца здольнасць дзяліцца таксама жыццём і дабротамі, несці цяжары адно аднаго, быць гасціннымі і адкрытымі.

Урачыстасць Цела і Крыві Хрыста прапануе нам таксама нанава паглядзець на каштоўнасць эўхарыстычнай адарацыі. Слуга Божы Павел VI нагадваў, што Каталіцкі Касцёл вызнаваў культ Эўхарыстыі “не толькі падчас св. Імшы, але таксама і па-за цэлебрацыяй, захоўваючы з максімальнай стараннасцю кансэкраваныя гостыі і выстаўляючы іх для ўрачыстага ўшанавання вернікамі хрысціянамі, носячы іх у працэсіі з радасцю хрысціянскага народа” (Enc. Mysterium fidei, 57). Малітва адарацыі можа здзейсняцца як асабіста, у разважанні перад табернакулюмам, так і ў камунітарнай форме, з псальмамі і спевамі, але заўсёды аддаючы перавагу маўчанню, у якім можна ўнутранна слухаць жывога і прысутнага ў сакрамэнце Пана. Панна Марыя з’яўляецца настаўніцай таксама і гэтай малітвы, бо ніхто лепш за яе не умеў сузіраць Езуса з позіркам веры і прымаць у сэрцы глыбокія водгукі яго чалавечай і боскай прысутнасці. Няхай, праз яе заступніцтва распаўсюджваецца і ўзрастае ў кожнай касцёльнай супольнасці сапраўдная і глыбокая вера ў Эўхарыстычную таямніцу”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, што ў наступны чацвер, 14 чэрвеня, будзе адзначацца Сусветны дзень донараў крыві, заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. “ Я выказваю сваю вялікую ўдзячнасць усім тым, хто практыкуе гэту форму салідарнасці, неабходную для жыцця шматлікіх хворых”, - сказаў Пантыфік.









All the contents on this site are copyrighted ©.