2012-06-09 17:17:52

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – дар мудрасці


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце канфірмацыі. У папярэдніх праграмах мы размаўлялі аб дарах Святога Духа: боязі Божай, пабожнасці, умеласці, радзе, мужнасці і розуме. Ці можна якім-небудзь адным словам акрэсліць чалавека, які мае ўсе гэтыя дары? Давайце паразважаем.

Чалавек, які валодае дарам боязі Божай – гэта той, які бачыць небяспекі для сваёй душы і ўласных адносін з Богам. Які валодае дарам пабожнасці – гэта той, што ўдзячны Богу за атрыманыя дары. Чалавек, які валодае дарам умеласці – бачыць глыбіню і сапраўднае прызначэнне рэчаў. Той, які валодае дарам рады – здольны адмаўляцца ад нечага, каб у выніку атрымаць нешта большае. Дарам мужнасці валодае той, хто бачыць у крыжы і выпрабаваннях шчаслівае месца сустрэчы з Богам. І нарэшце, чалавек надзелены дарам розуму бачыць фундаментальную, звышнатуральную мэту кожнага іншага чалавека, і на гэтым веданні будуе свае адносіны з імі. Дык вось, як адным словам можна назваць такога чалавека? Паспрабуем назваць яго мудрым – тым хто валодае дарам мудрасці.

Узнікае яшчэ адно пытанне: што аб’ядноўвае ўсе тыя дары, аб якіх мы ўжо размаўлялі ў мінулых праграмах? Што агульнае неабходна для таго, каб бачыць свае абмежаванні, быць удзячным, мець сапраўдныя адносіны з бліжнімі, быць здольным адмаўляць сабе ў тым ці іншым, давяраць Богу у выпрабаваннях? Усе гэтыя характэрыстыкі патрабуюць аднаго – пакоры, здольнасці бачыць сябе малымі, глядзець на сябе ў праўдзе, бачыць сваё месца адносна Бога. Пакора ў чалавеку сведчыць аб тым, што ён ведае праўду.

Цікава, што слова “пакора” у многіх еўрапейскіх мовах паходзіць ад лацінскага слова “humus” – зямля. (“umiltà” (іт.), “humility” (англ.), “humilidad” (пар.). Паводле кнігі Быцця, чалавек быў створаны з зямлі – таму пакора, азначае здольнасць ведаць свае карані, ведаць самаго сябе, ведаць аб тым, адкуль паходзіш і хто твой Стварыцель.

Мудрасць заключаецца менавіта ў гэтым – ВЕДАЦЬ. Але ўвага! Часта мы называем мудрымі людзей, якія шмат ведаюць, маюць высокі інтэлектуальны і культурны ўзровень. Але неабходна паглядзець на прычыну і корань гэтых здольнасцяў чалавека. Калі ў аснове яго інтэлектуальных здольнасцяў ляжыць эгаізм, то карысці ад іх будзе нешмат. Але, калі ў фундаменце багатых ведаў чалавека ёсць пакора – тады гэтыя веды пачынаюць служыць іншым людзям.

Ёсць адна рэч, аб якой мы абавязкова павінны ведаць – ХТО ТАКІ БОГ. Аб гэтым ведае мудры. Падумайце – што скраў змей спакусіцель у Адама і Евы? Ён скраў з іх сэрцаў веданне Бога – ён пазбавіў іх памяці аб тым, што Бог добры, міласэрны, любячы. Адам і Ева, адразу адчулі сорам. Разам з разуменнем Бога, які згубілі сапраўднае разуменне саміх сябе. Толькі Бог, сваёй любоўю, вучыць нас таму, кім мы з’яўляемся.

Св. Францішак з Асізі, на пачатку свайго навяртання, калі маліўся казаў: “Пане Божа – хто Ты, і хто я? Гэта малітва мудрага чалавека. У нашым жыцці мы павінны ведаць, кім мы з’яўляемся перад Богам і кім з’яўляецца Бог перад намі. Хто такі я для Бога, і хто такі Бог для мяне? Ад гэтага паходзіць усё астатняе.

Мудрасць заключаецца ў веданні таго, наколькі Бог мяне любіць. Веданне аб любові Бога вядзе нас да разумення небяспекі звязанай са стратай адносін з Ім. Ад ведання аб любові Бога паходзіць удзячнасць Яму, разуменне глыбіні рэчаў, здольнасць адмаўляцца ад непатрэбнага, давер ў цяжкія хвіліны, усведамленне каштоўнасці бліжніх. Такім чынам, менавіта дар мудрасці аб’ядноўвае усе тыя дары, аб якіх мы размаўлялі ў папярэдніх праграмах.








All the contents on this site are copyrighted ©.