2012-06-09 14:55:51

“L’Оsservatore Romano”: невядомы кардынал Кастанціні


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Оsservatore Romano” знаёміць чытачоў з малавядомай, але значнай постаццю ў гісторыі Касцёла: місіянерам, наватарам і блізкім сябрам папы Пія XII кардыналам Чэлса Кастанціні. У 1922 г. іерарх быў прызначаны першым Апостальскім дэлегатам у Кітаі і актыўна спрыяў інкультурацыі хрысціянскага паслання ў гэтай краіне. Ён правёў першы ў гісторыі Кітая Сінод і кансэкраваў санктуарый Маці Божай у Шанхаі. Дзякуючы яго намаганням атрымалі сакру першыя 6 кітайскіх біскупаў. У 1939 г. ён прапанаваў ідэю правядзення экуменічнага Сабору для рэформы місійнай дзенасці Касцёла і быў натхняльнікам Папы ў гэтай сферы. Падчас ІІ Сусветнай вайны кардынал Костанціні дапамагаў шматлікім удзельнікам адныфашысцкага падполлья, сярод якіх быў будучы прэм’ер-міністр Італіі Альчыда Дэ Гаспары, і ратаваў італьянскіх яўрэяў. Затым, у мірны час, актыўна падтрымліваў ідэю еўрапейскай інтэграцыі і спрыяў нармалізацыі адносінаў паміж Захадам і Усходам на міжнародным узроўні.

“L’Оsservatore Romano” звяртае ўвагу на некаторыя ініцыятывы іерарха, сярод якіх: стварэнне ў 1912 г. у Мілане “Супольнасці сяброў хрысціянскага мастацтва” і адпаведнага часопіса прысвечанага хрысціянскай культуры. Падкрэсліваецца, што менавіта дзякуючы намаганням кардынала Кастанціні Апостальская Сталіца пачала актыўна цікавіцца праблемамі сучаснага мастацтва.

Ватыканскае выданне таксама звяртае ўвагу на блізкую сувязь, якая існавала паміж кардыналам і папам Піем ХІІ. Абодва нарадзіліся ў адзін год, разам атрымалі святарскае пасвячэнне, знаходзіліся на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы, а затым працавалі ў Рымскай курыі. Памерлі іерархі таксама ў адзін год і нават адзін месяц. Перапіска паміж Папам і кардыналам, якая захавалася да нашых дзён, пралівае святло на шляхетную постаць Пантыфіка і з’яўляецца доказам яго клопату аб міры і справядлівасці ў часы ІІ сусветнай вайны.








All the contents on this site are copyrighted ©.