2012-06-09 12:04:12

Папа прыняў адстаўку Ватыканскага Архіварыуса і Бібліятэкара


RealAudioMP3 9 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў адстаўку Архіварыуса Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла кардынала Рафаэле Фарына ў сувязі з дасягненнем іерархам узроставай мяжы, якая не дазваляе займаць адказныя пасады. Рафаэле Фарына нарадзіўся ў 1933 г. У 25-гадовым узросце ўступіў у Кангрэгацыю ксяндзоў салезіянаў св. Яна Боска. Будучы святаром ён вывучаў гісторыю Касцёла і тэалогію. Вучыўся ў Італіі і Германіі. Пасля заканчэння вучобы пачаў выкладаць у Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе ў хуткім часе стаў дэканам, а затым рэктарам. У 1978 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго сакратаром Папскага камітэта гістарычных навук і падсакратаром Папскай рады па культуры.

Нарэшце, у 1997 г. ён пачаў працу ў Ватыканскай бібліятэцы у якасці прэфекта гэтай установы: святар займаўся зборам і вывучэннем шматлікіх старажытных і рэдкіх тэкстаў. У 2006 г. Бэнэдыкт XVI удзяліў яму біскупскае пасвячэнне. Праз год іерарх атрымаў тытул арцыбіскупа і адначасова быў прызначаны Архіварыусам Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла. Кардынальскую годнасць іерарх атрымаў падчас кансісторыі 24 лістапада 2007 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.