2012-06-09 15:16:51

Ватыканская газета пра новую кнігу Безансона


RealAudioMP3 Сёняшняя “L’Osservatore Romano” расказвае аб падмане многіх пакаленняў міфічным вобразам Святой Русі. Гэту з’яву аналізуе французскі філосаф Ален Безансон у аднаіменнай кнізе, якая выйшла ў серыі пад назвай “Генеалогія ілжы”. Містычная Русь існуе і паўстае ў такіх фігурах як Талстой і Дастаеўскі, Ленін і Пушкін, Сталін і Салжыніцын, Салаўёў і Булгакаў, - сцвярджае Бізансон.Сакральныя праявы і ідэалагічныя ілюзіі, духоўная высокасць і варварскія жарсці – усяго гэтага не знойдзеш у афіцыйнай гісторыі.

Былы французскі камуніст аналізуе палітычную і інтэлектуальную гісторыю нашага ўяўлення аб Расіі. Сам гісторык, Безансон пачынае ад расколу хрысціянства ў 1054 г. і існуючай дагэтуль праблеме “filioque”. Бо менавіта праваслаўе стала цэментам рускага народа. Адчуваць сябе рускім і праваслаўным, ці лепш – рускім, таму што праваслаўны – дапамагаюць магутнейшыя інструменты: літургія і ікона. Гэтыя дзве крыніцы містыцызму характэрызуюць не толькі рэлігійнае і маральнае жыццё, але і рускую філасофскую думку.

Руская душа, паколькі руская, а не еўрапейская, адчувае пакліканне да Боскай рэальнасці. Менавіта ў гэтым – сэнс векавога міфа рускасці: у спалучэнні святасці з брутальнасцю, лічыць Безансон. Ён перакананы, што праўда па-руску адрозніваецца ад агульнапрынятай, бо ўказвае на справядлівасць, зыходзячую з сувязі з Богам, у той час, як ісціна, як пазітыўная праўда, выяўляецца ў згоднасці паміж думкай і рэчаіснасцю. Цэнтр рускай ілжывасці, шчырай і містычнай, Безансон знаходзіць у перакананні, што ісціна згубіла кантакт з праўдай, яна схавана і недаступна, але існуе.








All the contents on this site are copyrighted ©.