2012-06-09 12:03:20

Бэнэдыкт XVI да біскупаў Папуа – Новай Гвінеі пра катэхізацыю вернікаў і адукацыю святароў


RealAudioMP3 9 чэрвеня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі групу біскупаў з Папуа – Новай Гвінеі, якія прыбылі ў Рым у рамках візіту “аd Limina Apostolorum”. Папа адзначыў вялікі ўклад Касцёла ў гэтай краіне ў барацьбу з беднасцю і дапамогу людзям хворым на СНІД. Акрамя таго, Святы Айцец пазітыўна выказаўся аб актыўнай пазіцыі мясцовага епіскапата адносна вырашэння маральных праблем грамадства. “Калі Касцёл выказвае сваю заклапочаннасць на плошчах, ён робіць гэта законна і з мэтай зрабіць свой уклад у супольнае дабро”, - сказаў Папа. Ён заклікаў іерархаў працягваць весці дыялог са свецкімі ўладамі дзеля таго, каб Касцёл мог спакойна выконваць сваю місію ў адпаведнасці з Евангеллем. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на неабходнасць евангелізацыі культуры народа. “Гэта мае вялікае значэнне, бо асоба можа дасягнуць сапраўднай і поўнай чалавечнасці толькі за пасрэдніцтвам культуры”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. У сувязі з гэтым аспектам евангелізацыі, Папа адзначыў важную ролю сям’і, якая з’яўляецца першым месцам, дзе людзі знаёмяцца з верай і культурай. Святы Айцец заклікаў біскупаў аддаць прыярытэтнае месца ў душпастырскай дзейнасці “евангелізацыі сужэнстваў і сем’яў”.

Пантыфік адзначыў таксама, што справа евангелізацыі з’яўляецца заданнем усіх членаў Касцёла і таму заклікаў біскупаў забяспечыць адпаведныя адукацыйныя і катэхетычныя праграмы для святароў, законнікаў і законніц а таксама свецкіх вернікаў. “Правільна катэхізаваныя свецкія і добра падрыхтаваныя святары і законнікі, на падабенства “чалавека, які пабудаваў свой дом на скале”, будуць гатовыя супрацьстаяць спакусам гэтага свету і стануць дастаткова мудрымі, каб не даць сябе падмануць спрошчаным версіям хрысціянства, якія грунтуюцца выключна на ілжывых абяцаннях матэрыяльнага дабрабыту”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.