2012-06-08 16:28:25

Кардынал Бэртонэ: вера рыхтуе спецыялістаў, здольных да рацыянальнай і крытычнай ацэнкі


RealAudioMP3 Візіт у Кракаў кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ 8 чэрвеня пачаўся з уручэння яму тытулу ганаровага доктара Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ, які знаходзіцца ў культурнай сталіцы Польшчы. Сваю лекцыю найбліжэйшы супрацоўнік Папы прысвяціў ролі каталіцкіх навучальных устаноў у новай евангелізацыі. Ён нагадаў, што сёння, як ніколі, трэба звяртаць увагу на формы абвяшчэння Добрай Навіны. На месца ваяўнічага атэізму прыйшла абыякавасць. Кардынал Бэртонэ нагадаў, што па самой сваёй натуры “homo sapiens” ёсць “homo religiosus”, што пацвярджае гісторыя чалавецтва. Іерарх звярнуў увагу на неабходнасць новага стылю евангелізацыі для абуджэння сучаснага чалавека.

На яго думку, менавіта вера рыхтуе спецыялістаў, здольных да рацыянальнай і крытычнай ацэнкі, да ўсведамлення трансцэндэнтнасці годнасці асобы. Кардынал Дзяржсакратар падкрэсліў, што навучанне ў каталіцкім універсітэце павінна ўключаць у сябе “этычныя каштоўнасці і адкрыццё сэнсу службы людзям і грамадству; дыялог з культурай, які б спрыяў лепшаму разуменню веры; тэалагічны пошук, які б дапамагаў веры дэманстраваць сябе праз сучасную мову”. Кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што сведчанне мае дзве выявы: слова і жыццё, з дапамогай якіх каталіцкія ўніверсітэты змогуць стаць сапраўды місійнымі, што з’яўляецца іх сапраўднай спецыфікай.








All the contents on this site are copyrighted ©.